11.02.2019 / 21:08

У бабруйскім шматпавярховіку ледзь не абваліўся ліфт. Унутры была дзяўчына

Жыхары дома № 27 па вуліцы Заводскай у Бабруйску ў нядзелю бачылі каля пад'езда № 4 хуткую дапамогу і МНС. Аказалася, што адбылася аварыя ліфта ў пад'ездзе.

Дзяўчына, якая ў момант аварыі знаходзілася ў кабіне, не атрымала сур'ёзных пашкоджанняў і на панядзелак 11 лютага ўжо выпісана з бальніцы. Акрамя таго, абвальвання кабіны не адбылося, яе зафіксавалі фіксатары.

Паводле аб'явы на дошцы ля пад'езда № 4, ліфт запрацуе яшчэ не хутка. Мяркуецца, што паламаўся галоўны прывад ліфта.

Як паведамілі ва УСК па Магілёўскай вобласці, цяпер на месцы праводзіцца праверка для таго, каб высветліць прычыну аварыі.

Начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду МНС Павел Сярбантаў распавёў, што расследаванне таксама будзе праводзіць уласнік ліфта, гэта значыць таварыства ўласнікаў «Завадчане», аднак Дзяржпрамнагляд возьме ў ім удзел. Ён таксама пацвердзіў, што дзяўчына, якая знаходзілася ў момант аварыі ў кабіне ліфта, ужо не знаходзіцца ў шпіталі.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру