Суверэнная пустэча, альбо Намадычная Шызаінарыя

Усе людзі, якімі б унікальнымі ні лічылі сябе, любяць падабенства. Бо гэта частка нашай сацыяльнай асобы — мы жывём сярод падобных. Ад матчынай калыскі, праз сям’ю, школу, суседзяў, фрэндаў у пабліках ды сяржанта ў шыхту закладваецца нашая асоба ды сімпатыя праз прыкметы падабенства з навакольнымі асобамі. Любая культура ёсць унікальнай, у яе ёсць асоба, ёсць адметныя рысы. Яны нам могуць падабацца ці не — насіць хустку ці не насіць майткі, піць піва пасля працы ці займацца кросфітам. Тут мы неяк можам вызначыцца. Нават сустракаючы прадстаўніка іншай культуры, з колцам у носе, мы з часам пачынаем разумець, як з ім мець справы: мір — гумка — профіт.

Але калі ж мы бачым перад сабою прадстаўніка, падаецца, нашай жа культуры — падобнага з твару, падобнага хадою, маўленнем ды манерамі… але, раптам аказваецца, што гэта толькі вокладка, добры пакунак. За ім, там, унутры, нічога падобнага няма. Толькі… вялікая пустэча. Ніякіх прынцыпаў, ніякае там глыбіннае культуры з глінянымі свістулькамі ды размаляванымі хусткамі. Толькі прага да новых заваёў, каб усё навокал было вялікай пустэчай. Каб нічога больш не было. Resistance is futile (анг.: cупраціў марны).

Тут мы наступаем на адныя і тыя ж граблі, ужо колькі вякоў. Мы спачатку адчыняем дзверы ды сустракаем «братоў», а потым, пасля трагедыі ды крывішчы, плюёмся ды рвём апошнія тры валасіны на папялішчы. Бо мы ў ілюзіі падабенства. У ілюзіі таго, што ўсе культуры развіваюцца па пэўных законах. І любая культура ідзе на сумяшчальнасці, уключальнасці і гуманізме. А вось фіг вам! Баба Яга супраць!

На ўсход ад самага адсталага калгаса ёсць Пустэча. Яна вялізная, неабсяжная. Яна мала каму патрэбная. Бо там нічога няма, на тое яна і пустэча. Холадна ды няўтульна.

Пустэча выдатна ўвабрала ў сябе ўсе тыя канцэпцыі, які стагоддзямі паміралі ці адхідяліся чалавечай цывілізацыяй. Гэтаксама, як тых людзей, якія беглі ад «нецярпімага быцця» на дзікую прастору. Гэта выдатна бачылі гісторыкі, як, напрыклад, Гумілёў, пісьменнікі, як Бунін, паэты, як Бродскі, ды той жа акадэмік Паўлаў. І вось гэтае ўсё перакаці-поле забабонаў скача па Пустэчы, куды дзьме вецер. З таго большасць даследчыкаў, што вывучалі Пустэчу, падобныя да сляпых, што вывучалі слана. Кожны бачыў нейкія падабенствы з той цывілізацыяй, што была яму найбольш сімпатычнаю. А непадабенствы пакідаў на суворы холад ды такі ж голад.

Але ж Пустэча — гэта набор простых ідэй, якія спляліся ў прыгожу складаную хімеру. Яна можа падавацца ненатуральнаю, контргістарычнаю, але яна існуе, як існуюць складаныя вірусы, больш за тое, яны ўдасканальваюцца пад ахвяры, абзаводзяцца новымі пратэінамі ды вугляводамі.

Пустэчнае перакаці-поле — гэта ўнікальны сімбіёз. Тут выдатна бачна магутнасць ваяўнічага мангольскага духу («сульдэ»), які вядзе вайну з усім навокал да самага апошняга мора. Усходні культ цара-сонца, у які намешаныя вінегрэт з хрэстаматыі грэчаска-хрысціянскай філасофіі, візантыйскай бюракратыі і цюркскай сістэмы падаткаабкладання, што разам ператвараюць любую ўладу ў рэлігійнае таінства, а апошняга вахцёра — у жраца. Вялізную ролю мае адзін з найбольш старажытных слаёў — прынцып абшчыннага «перадзелу», калі ўся зямля, а часам і маёмасць, дзеліцца па новай, як было прынята ў падсечна-вогненных гаспадарках бронзавага веку.

І, зразумела, адзінага абранага богам народа. Гэта, дарэчы, адзін з найдаўнейшых сацыяльных культаў — усе плямёны ад неаліту лічылі сябе «ісціннымі» ці «адзінымі» людзьмі, у адрозненне ад дурных малпападобных вылюдкаў-суседзяў, пакуль нарэшце не паразумнелі ці не зніклі. Гэты культ у сваёй першапачатковай натуральнасці здолеў выжыць толькі ў джунглях Амазоніі ды ў Пустэчы. Усё гэта абрасло легендамі, байкамі, метадычкамі і хрэстаматыямі. Будзьце ўпэўненыя, у любой з тысяч пустэчных нораў вы знойдзеце шамана, што растлумачыць вам адзінае і ісціннае вучэнне Пустэчы. Чым горш — тым лепш.

І тут якраз цяжка непадрыхтаванаму аглядальніку. Бо трэба аб’яднаць ідэю аб пасіянарыях, з іх «доўгаю воляю», трэба зразумець усе гэтыя гістарычныя слаі з манголаў, цюркаў, старамакедонскай трасянкі ды арабскіх грошай, прайсці праз хлебныя бунты, чырвоны тэрор, пасабараваць труну чарговага святога крывапіўцы, памясціць гэта ў еўрапейскую вопратку, абгарнуць амерыканскай поп-культураю ды адвезці ў школу бізнэсу ІNSEAD — атрымаецца ўнікальная, дагэтуль малаасэнсаваная канцэпцыя на арэне гісторыі — «Намадычная Шызаінарыя». Эфектыўны сродак выжывання. «Памры ты сёння, а я заўтра» з блокчэйнам ды вайфаем. Ажно распірае ад магутнасці.

Яе прадстаўнік, пустэчны намад, падобны да еўрапейца знешне, як той турэцкі астраном у Экзюперы: носіць італьянскі касцюм, шоўкавы гальштук ды англійскія туфлі, мае нямецкую машыну з амерыканскім камп'ютарам, а таксама рахунак на Віргінскіх астравах. Але ж унутрана — ён стэпны буян, быццам бы скіф «з раскосымі вачыма» ды заграбушчымі рукамі. Гэты калючы погляд, што шукае матэрыяльнага, як там трапна кажуць, «блага», дзе тут ёсць добрая зямля, дзе тут што можна ўзяць, адціснуць ці згвалціць. Дзяўчыну, мужчыну ці хіба каня. У любы момант ён гатовы адкінуць гэтае мярзотнае навязанае лацінянамі status quo, «узяць усё — і падзяліць», ну каб па справядлівасці было. А калі не — забіць, ці то сякераю, ці то «Навічком». І аніводнай секунды не будзе ставіць гэты шлях пад сумнеў.

Бо стагоддзе за стагоддзем Пустэча самаактуалізуецца выключна адзіным шляхам — наступам на цывілізацыю. Знішчэннем культуры, ператварэннем усіх вашых дызайнерскіх заплечнікаў ды каляровых бразготках у пыл, grey goo, нішто. Каб поўная энтрапія… «Степь да степь кругом».

Неяк нядаўна, калі сусветная эканоміка злівалася ў інтэрнэт-экстазе, а ў адсталым калгасе абмяркоўвалі праблемы другой пяцігодкі новага перыяду першай дынастыі, Пустэча аб’явіла сябе Суверэннаю Пустэчай. Рэбрэндынг. Рамантуючыся ды адрыхтоўваючыся на хаду, пустэча самаактуалізавалася ў часы татальнай камунікацыі ўсіх з усім. Маўляў, парткі ды айфоны нам падабаюцца, але аніякія цывілізацыйныя ўстоі нам не трэба, як тое было адвеку. Мы з вамі не гуляем, мы вас перайграем, мы возьмем назад усе былыя пустэчныя заваёвы!

Адзін пустэчны Тушкан нават цэльную кніжку напісаў аб тым, як разумны пыл, grey goo, праз рэлятывізм сацыяльных адносін у познім манетарыстычным грамадстве захопіць увесь свет. Ніхто, акрамя акадэмічных пустэчаведаў, што выпусцілі па шараговым артыкуле, гэтага не слухаў. Бо для вуха сярэдняга абывацеля пустэчная філасофія — сумесь клінгонскай мовы з белым шумам. Фыр-пыр-восем-дзір.

Усе мы памятаем Мюнхенскія пагадненні. Old boy Чэмберлен не вельмі цікавіўся праблемамі этнаграфічных межаў Цэнтральнай Еўропы, але вельмі хацеў запаліць цыгарку. Гітлер тытуню не цярпеў, але меў амбітныя планы — таму за тры зацяжкі атрымаў усё, што хацеў. А old boys дома, у Лондане, пачухалі патыліцы і працягвалі паліць. Маўляў, гэта не такая вялікая праблема, як Блізкі Усход. Праз два гады яны, наклаўшы ва ўласныя парткі, уцякалі з Дзюнкерка дадому праз канал на любой шкарлупе. Таму што не такая вялікая праблема.

Калі была гучна аб’яўленая Суверэнная Пустэча, усе толькі ўсміхаліся і запальвалі цыгаркі. У наступным годзе, пасля першага ўдару і аншлюсу ўмоўна цывілізаванае тэрыторыі, пачухалі патыліцы і працягвалі паліць. На шосты год, калі Пустэча ізноў атакавала, пачаліся раздавацца галасы. Яшчэ праз пару гадоў, нарэшце, калі ўбачылі, як ужо цвіце grey goo дома, пачаліся спробы купіраваць сімптомы.

Вавілон, ведаеце, толькі праз тыдзень даведаўся пра нейкіх там грэкаў і іх Іскандэра. Унукі мангольскіх наёнаў сталі кітайцамі. Цывілізацыя ўскладняецца, як наш фізічны сусвет. У пустэчы не можа быць шансаў там, дзе цывілізацыі шмат. Толькі там, дзе яе малавата, на шэрых плямах, у сырых падвалах ды забітых гарышчах. І чорт з імі, адказалі old boys. Гэта не такая вялікая праблема, як Блізкі Усход.

За часам, калі той разумны пыл пачаў асядаць на кукурузныя палі, у адсталым калгасе таксама пачалі чухаць патыліцу. Першае, што бачна няўзброенаму воку — куды яны пруцца, там жа сур’ёзныя ўнутраныя праблемы! Дарогі, дурні, выбухі ды пажары, трухлявая інфраструктура ды недахоп сарціраў, белыя мядзведзі ў абасцаных пад’ездах. Але… яны былі заўжды. Гэта для нас падобнае гучыць дзіка: маўляў, навядзіце спярша парадак у сябе! Гэтая нашая дробнабуржуазная еўрапейская прага да парадку. Палічкі, шуфлядкі, футляр, цыркуляр. Для Шызаінарыі гэта ўсё — трызненне! Рэчы — яны зараз, каб імі пакарыстацца. Да світання, пакуль не працверазееш. Думаць аб рэчах, аб інфраструктуры, аб матэрыяльным у перспектыве — гэта смяротны грэх! Думаць трэба аб духоўным, рыхтавацца да смерці і навострываць шаблю. Бо заўтра ізноў вайна, ізноў у паход. 2000 год ужо, «без особых прічін».

У адным не зусім чужым краі людзі хіба палова людзей думалі, што ім нешта абваліцца, калі яны стануць часткаю Намадычнай Шызаінарыі. Але праз пяць гадоў усё зарасло цвіллём, нават дэльфіны адтуль збягаюць. Бо ўся філасофія пустэчнага руху не мае аніякага іншага канца, акрамя смерці. Гэта культ смерці ў бясконцай прасторы-часе. Перамогі, перабудовы, перадыхі і перакуры — усё часовае. Толькі смерць ёсць канчатковаю справядлівасцю. Скачы, хлопец, пакуль не павалішся ды падохнеш. Усё, астатняя рэфлексія на 100—500 тысяч старонак— гэта толькі паэтыка працэсу.

У бойкім Лондане, сонечным Лос-Анжэлесе, санлівым ад віна Лімасоле, аднолькава мілым для інвестбанкіраў і філосафаў-левакоў Цюрыху і на Лазурным Беразе ёсць філіі Намадычнай Шызаінарыі. З гіканнем і пляскамі. Ля Кіліманджара ці на Балі — паўсюль застаюцца ваніты ды «здеся был Жорік», схемы адмыву грошай ды трупы. І робіцца гэта з адчуваннем пустэчных намадаў поўнай маральнай перавагі над астатнімі народамі. «Эх, тройка, птіца-тройка!» Памятаеце, у класіка? 

Ёсць, канечне, адзін тлусты момант. Пустэча можа заставацца пустэчаю тады і толькі тады, калі ўсё карыснае вывозіць у цывілізацыю. Таму патрэбна, каб заўжды працаваў канал, ведаеце, гэткая труба. Праз трубу карыснае, матэрыяльнае ідзе на Захад, у мярзотную цывілізацыю. Усім добра. Усе ўсё разумеюць.

Можна доўга казаць пра тое, колькі дзяцей тых, хто сядзіць на трубе, трэба падрыхтаваць на Захадзе, каб змяніць Пустэчу. Але мы бачым, што ўсе 300 гадоў гэтыя эксперыменты раз-пораз правальваюцца. Больш за тое, тамтэйшыя тушканы самі адмаўляюць ад спажывання сыру з маслам, каб не забыцца аб тым, што навокал Пустэча.

Адзіны надзейны спосаб змяніць Пустэчу — не даць ёй заставацца пустэчаю. Трэба, каб Намадычная Шызаінарыя абрасла дабром ды багаццем.

Першым чынам трэба спыніць трубу, каб дабро не выходзіла праз афшоры на ананімныя LLC ды сляпыя пулы, выдаючы намадаў толькі парашутам за спінаю ды слядамі фосфарганічных злучэнняў.

Пасля чаго трэба дапамагчы збудаваць там, няхай і адстаючы, але калгас-гігант, ну ці 16 невялічкіх калгасаў. Каб людзі ў іх былі асаблівымі, са сваёй культураю. Каб лавілі кайф ад тых жа дробнабуржуазных праблем. Ведаеце, каб ерэтычна хацелі мець чыстыя вуліцы, у якіх можна прайсціся ў белых туфлях, а не думалі, ці баіцца хто Іскандэраў. І падаецца, што штучны інтэлект ды пацяпленне клімату нам у гэтым толькі дапамогуць.

І так, адмаўчацца ў масоўцы не атрымаецца. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?