Уладзімер Зяленскі збірае пратэставыя галасы.

Уладзімер Зяленскі збірае пратэставыя галасы.

У тройцы лідараў прэзідэнцкай гонкі ва Украіне змены. Як паказала апытанне сацыялагічнай службы Greenberg / Quinlan / Rosner, рэйтынг Юліі Цімашэнка зніжаецца, а вось шоўмэн Уладзімір Зяленскі стаў выразным лідарам выбарчых сімпатый.

На сёння за Зяленскага гатовыя прагаласаваць 28% выбарцаў, якія гатовыя прыйсці на ўчасткі. З адрывам ад яго на другім месцы ідзе дзейны прэзідэнт Пятро Парашэнка (18%) і Юлія Цімашэнка (15%).

На старце прэзідэнцкай гонкі наперадзе ішла Цімашэнка.

Рэйтынгі астатніх кандыдатаў застаюцца практычна нязменныя.

Юры Бойка, які абапіраецца на прарасійскіх выбарцаў усходу і поўдня, збірае 9%.

Былы міністр абароны Грыцэнка, якога падтрымліваюць антыалігархічныя і празаходнія колы, — 8%.

Папуліст Ляшко можа разлічваць на 6%.

Мэр Львова Садовы набірае 3% галасоў.

Яшчэ 3% выбарцаў падзеленыя між двума іншымі кандыдатамі з колаў былой Партыі рэгіёнаў, гэта Вілкул (каранямі ён з Крывога Рога) і Мураеў (Харкаў). 

Кандыдат ад нацыяналістаў з аб'яднання «Свабода» Кашулінскі можа разлічваць на 1% галасоў, як і былы кіраўнік Службы бяспекі Украіны Налівайчанка, які таксама абапіраецца на патрыятычны электарат.

Пятро Парашэнка карыстаецца найбольшай падтрымкай у Кіеве, на захадзе і ў цэнтры Украіны. Ён у сваёй агітацыі робіць акцэнт на ўмацаванне арміі, якая паспяхова трымае абарону на лініі размежавання ў Данбасе, і нацыянальнай ідэнтычнасці. У прыватнасці, яму ўдалося дабіцца прызнання аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Акрамя таго, Парашэнка падкрэслівае, што ўдалося дабіцца эканамічнай стабілізацыі, заробкі растуць, а доля ценевай эканомікі рэкордна ўпала. Крытыкі Парашэнкі вінавацяць яго ў кансервацыі алігархічнага кантролю над эканомікай і вывадзе сродкаў у афшоры.

Зяленскі найбольш папулярны на поўдні і ўсходзе Украіны. Крытыкі адзначаюць яго цесную сувязь з алігархам Ігарам Каламойскім. Шоу Зяленскага выходзіць на тэлеканале, які належыць Каламойскаму. Акрамя таго, ставіцца пад сумнеў здольнасць Зяленскага быць галоўнакамандуючым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?