23 снежня ў Малой зале Белдзяржфілармоніі імя Р. Шырмы адбудзецца канцэрт салістаў ансамбля «Класік‑Авангард» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава з музыкай, што прынадна і на Каляды, і на Раство Хрыстова. У канцэрце бяруць удзел фальклор‑тэатр «Госціца» і гурт «Ліцвінскі хмель».
У пераднавагоднія дні ўсё чароўна. Чароўнай будзе і гэта музыка, – снежаньская, зімная, віхурыста‑завірушная, што лёгка асядае ў душах светлых і чыстых.

Калядна‑навагоднія дні. Калядна‑навагоднія ўсмешкі, здагадкі, працяглыя позіркі з‑пад мягкіх веяў… І ўрачыстыя позіркі, і светлыя. І побач нейкая глыбіня, і бяздонне, і прадчуванне рознагалосых гімнаў — харалаў. А таксама – іронія, мітусня, штурхатня… даўкае метро. Гамонка, падарункі, нюансы, канфузы. Крыўдлівае надвор’е, слата, ненадзейныя сходы… сустрэчы, віншаванні… і людзі, людзі, людзі…

А недзе,

зусім недалёка, сярод гаманы і беспараднасці, штурханіны і ўзаемаадносін шэрых паліто, сярод мільгацення ссунутых набакір, незразумелага паходжання, шапак, збегу разнамасных патыліц, сярод усяго гэтага, недзе тут, зусім блізка нараджаецца, ажывае Музыка.
Музыка новага дня.

Сёння – Каляды. І гэта – як упершыню. Бо аднаўленне, адраджэнне, узнёсласць ды щрачыстасць. І снежная, спрадвечная, з завірухамі і сінічкамі, Музыка, што шчыра і радасна шчабеча суботняй птушкай пра далёкае невядомае. Гэта табе – падарунак, як і падарунак тое, што музыка, народжаная гэтымі зімовымі днямі і загадкавымі вечарамі, пад непраўдзіва зіхоткімі зоркамі і надзіва глыбокім небам – належыць і табе. І гэтага дастаткова для навагодняй радасці, як дастаткова ведаць, што ў жыцці, акрамя шэрых шапак і паліто, існуе нешта бязважка — няўлоўнае, не прыдатнае для штодзённага ўжытку, але такое неабходнае і каштоўнае, па‑анёльску набліжанае, што звініць калядным звонам і наталяе ціхім святлом усе твае справы, клопаты, надзеі.

Музыка, цешыць і супакойвае, гайдае і ўзносіць. Шэпча, што ты не кінуты, ты не адзін на гэтым навагоднім адмежку часу. І звіняць недзе далёка і для цябе званочкі агністай музыкі, народжаныя навагоднімі Анёламі і тчэцца недзе і для цябе празрыстае павуцінне мрой‑надзей, якое ты заўтра лёгкай рукой лёгка знімеш з нотнага аркуша. на якім і будуць сядзець зімовымі сінічкамі і ружовы гілямі дробныя нотныя сі‑бемолі і фа‑дыезы, паўзы і ферматы, і складаць для цябе навагоднюю музычную калядку. Сабраныя пад аднолькавымі акаладамі мягка, побач з табой у ціхім тваім доме змесціцца ўвесь твой сусвет, усе нябесныя сферы, уся музыка тваіх нябёсаў, сугуччы начных планет, усё зямное хараство і залаты пыл чалавечай мілосці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0