Ініцыятыва адзначаць найлепшую вокладку да беларускай кнігі належыць Беларускаму ПЭН-цэнтру сумесна з Беларускім саюзам дызайнераў і «Лятучым універсітэтам», а таксама польскім партнёрам ТАА «H&L» і фондам «Адкрытая культура». Да праекту таксама далучыўся незалежны тэлеканал «Белсат».
«Пакуль у прэміі сімвалічны грашовы прыз, але будзе здорава, калі далучацца і новыя фундатары (запрашаем!), прэмія разрасцецца (у тым ліку новымі намінацыямі) і мы зможам падтрымліваць беларускі кніжны дызайн, які мае ў гэтым патрэбу. Дакладныя крытэры «беларускага кніжнага дызайну» вызначыць складана, мы пакідаем гэта на меркаванне нашаму аўтарытэтнаму і прадстаўнічаму журы. Перадусім нам хацелася б засяродзіцца на тым полі, у якім працаваў Міхал,» — распавяла старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай.
Ацэньвацца будзе не толькі дызайн і паліграфічнае выкананне вокладкі, але і яе адпаведнасць зместу кнігі. Таму ў журы ўвайшлі творцы, якія працуюць і з візуальнымі вобразамі, і са словам: пісьменнік, мастак Адам Глобус, літаратарка Вольга Бабкова, дызайнер Уладзімір Цэслер, пісьменнік, мастак Артур Клінаў, мастачка Антаніна Слабодчыкава, дызайнерка Алена Дашкевіч, дызайнер Юрый Тарэеў, мастачка і паэтка Васіліса Паляніна.
Да ўдзелу запрашаюцца беларускія дызайнеры, якія стварылі вокладку да папяровай кнігі, што выйшла ў 2018 годзе і адпавядае хаця б адному з наступных крытэраў:
- выдадзеная ў беларускім выдавецтве;
- напісаная беларускім аўтарам;
- напісаная на беларускай мове;
- распавядае пра Беларусь ці беларускую культуру.
Каб падаць вокладку на конкурс, трэба да 28 лютага запоўніць форму на сайце ПЭН-цэнтра.
Прапанаваць кнігу на разгляд могуць самі дызайнеры, пісьменнікі, сябры журы, аргкамітэт прэміі, выдавецтвы і наогул любы зацікаўлены чытач.
Прэмію атрымае аўтар або каманда аўтараў вокладкі. Пераможцу абвесцяць на фестывалі «Прадмова», які адбудзецца 4 — 7 красавіка ў менскай прасторы ОК16.
Апошняй вялікай працай Міхала Анемпадыстава стаў альбом «Колер Беларусі», дзе ў фатаздымках ды эсэ дызайнер раскрывае спрадвечныя беларускія колеры — паходжанне іх назваў, гісторыю, уплыў на нацыянальны характар.