Фота: kremlin.ru.
Журналіст успомніў, што ў 2002 годзе, у Казахстане, побач з высакагорным катком «Медэа», Пуцін і Лукашэнка вось так жа сустрэліся, і каталіся, каталіся…
«І, як той казаў, нічога. І Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі засталася такой самай, як тады, гэта значыць ніякай. І ў адносінах паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным тады не адбылося прарыву, і да гэтага часу па ўсіх прыкметах — таксама»,
— піша Калеснікаў.
Журналіст «Коммерсанта» апісвае, як супрацоўнік беларускага пратакола рваўся да Лукашэнкі, бо асабісты фатограф, які павінен быў здымаць кіраўніка Беларусі, быў толькі адзін. І ён у гэты час знаходзіўся на іншым спуску — не там, куды паехалі Пуцін і Лукашэнка.
Калі Пуцін і Лукашэнка пайшлі на другі круг, яны сышлі направа, на суседнюю трасу, D1, дзе Лукашэнку чакалі асабісты аператар і фатограф.
Дзіўнае адбылося праз некалькі хвілін. Пуцін і Лукашэнка скаціліся з гары яшчэ раз, падняліся, і паміж імі ў крэсле пад'ёмніка ўзнік Коля Лукашэнка.
Пуцін пайшоў на трэці спуск з гэтай трасы, а Аляксандр Лукашэнка раптам збочыў рэзка налева, у бок гатэля.
Журналіст піша, што гэта быў нечаканы крок, паколькі яны нават не зірнулі адзін на аднаго.
«Гэта ўсё, мне здавалася, пра многае казала, а хутчэй — ні пра што. Гэта значыць пра тое, што паміж імі няма нічога»,
— піша Калеснікаў.