14.02.2019 / 15:55

Віктар Марціновіч: Не відэаназіраннем трэба пужаць, а шукаць прычыны, з якіх людзі трацяць глузд 5

Пасля таго як два вучні, узброеныя стрэльбамі, пісталетамі і самаробнымі выбуховымі прыстасаваннямі, забілі 13 і паранілі 23 чалавекі ў сярэдняй школе ў Калумбайне ў 1999 годзе, у ЗША пачалася шырокая грамадская дыскусія. Медыя абмяркоўвалі магчымыя напрамкі рэакцыі і высновы, якія мусяць быць зробленыя з трагедыі.

Варыянтаў агучвалася тры: 1) забарона ці істотнае абмежаванне хаджэння агнястрэльнай зброі; 2) узмацненне бяспекі ў школах; 3) павелічэнне кантролю над інтэрнэт-кантэнтам. Паколькі ў вытворцаў зброі заўсёды добрае лобі і паколькі ўзмацненне бяспекі ў школах прадугледжвала дадатковыя выдаткі і наяўнасць кола асоб, якія былі б бенефіцыярамі тых выдаткаў, рэакцыя на Калумбайн пайшла па самым невідавочным, трэцім, шляху. З’яўленне ўзроставага рэйтынгу камп’ютарных гульняў, той факт, што пасля 2000-га любы кампакт-дыск для PC мае на вокладцы пячатку ESRB, — наступства страляніны, якая мусіла б прывесці (на маю асабістую думку) да зусім іншых высноваў.

Калі пакідаць праблему на разгляд прафесіяналаў — палітыкаў, чыноўнікаў, «спецыялістаў», калі не абмяркоўваць яе ў грамадстве, яны з радасцю абмяжуюць увесь нацыянальны інтэрнэт да чатырох сайтаў дзяржаўных выданняў у «мэтах вашай бяспекі».

Але пры гэтым нават невідушчы заўважыць, што неяк у нашай краіне, дзе няма вайны і звязаных з ёй траўмаў, няма палітычнага сепаратызму і звязаных з ім радыкальных групаў, няма глебы для тэрору — дык вось, у гэткай спакойнай краіне неяк часцяком пачалі адбывацца рэчы, ад якіх стыне ў жылах кроў.

І відавочна, што гэта неяк звязана з бяспекай і яе гарантаваннем. Як быццам не ўсё патрэбнае робяць тыя, каму грамадства дэлегавала ахову правапарадку.

Што такое барацьба са злачыннасцю па-беларуску?

Гэта калі ў адным падземным пераходзе можа стаяць тузін камер відэаназірання. Гэта калі ў метро нейкія людзі ў форме могуць праглядзець торбу любога мінака, які падасца ім падазроным. Гэта калі грошы ідуць на сканеры, дэтэктары, фіксатары, пакетныя фільтры і г.д. Гэта калі кожнае слова, напісанае ці сказанае любым чалавекам (нават не лідарам апазіцыі, як гэта было раней) запісваецца і захоўваецца «ў мэтах бяспекі».

І сэнс нібы інтуітыўна зразумелы: ніхто не палезе ў метро з гранатамётам, ведаючы, што там яго запаляць. Ніхто не наважыцца рабаваць мінакоў, ведаючы, што кожны кут у горадзе прастрэльваецца відэасачэннем. І ўсе глабальна могуць расслабіцца, бо злачынствы мусяць раскрывацца і прадухіляцца яшчэ на этапе задумы. Усе і расслабляюцца.

А потым у гіпермаркет прыходзіць псіх з бензапілой. Потым вучань праносіць у школу нож. І камеры фіксуюць тое, што мусілі б прадухіляць.

Бяспека бентамаўскага паноптыкона, выбудаванага на камерах назірання, мае адно вялікае дапушчэнне: злачынца баіцца. Страх патэнцыйнага парушальніка мусіць не даць яму зрабіць нешта супрацьзаконнае. Са звычайнымі людзьмі гэта спрацоўвае, бо чалавек разумны не наважыцца на дзею, за якую будзе стоадсоткава пакараны. Але ў выпадку з людзьмі, якія знаходзяцца ў стане змененай свядомасці — пад уздзеяннем алкаголю, стрэсу ці лютай ярасці, — камера бясплённая.

Не відэаназіраннем трэба пужаць, а шукаць прычыны, з якіх людзі трацяць глузд.

Я магу дапусціць, што пасля таго, што адбылося, на ўваходах у школы паставяць металашукальнікі, а колькасць відэафіксатараў пры школьнай тэрыторыі значна павялічыцца.

І нехта добра паўдзельнічае ў тэндарах, а мы будзем працягваць плаціць падаткі і думаць, што дэлегавалі права на ўласную абарону людзям, якія дакладна ведаюць, што рабіць.

Галоўнае — калі заўважым, што колькасць даступных у краіне сайтаў скарацілася да чатырох дзяржаўных выданняў — працягваць верыць, што ўсё робіцца як мае быць.

Віктар Марціновіч

1
Матёрый / Адказаць
14.02.2019 / 18:43
Все школы оснащены тревожными кнопками, видеонаблюдениями. Какие меры они хотят принять за наши (бюджетные) деньги по охране школ? Мы несём "добровольно" в школу макулатуру, деньги. Когда наведут в школах порядок?
1
Верамей Руслан / Адказаць
14.02.2019 / 19:29
Я быў і застаюся перакананы, што ўсе гэтыя праблемы пачынаюцца дома, ў сям'і. Бо чым занятыя звычайна бацькі? Выжываннем. Пошукам грошаў. Пачынаючы з таго, каб накарміць/адзець, потым рэпетытары і платнае навучанне (бо без дыплома - нікуды), потым трэба неяк дапамагчы з жыллём і машынай. Выжыванне. Адно толькі забыліся яны дзеля чаго тое выжыванне патрэбна. А дзеці ў гэты час усё гэта ўпітваюць, самавыхоўваюцца і праз пэўны час усё паўтараецца нанова. Пакуль бацькі будуць выжываць, дзеці будуць без элементарнага выхавання.
2
Дед Мороз / Адказаць
14.02.2019 / 20:05
тут сложно сказать в чём причина думаю всё таки их несколько: - воспитание дома, даже не сколько воспитание, а атмосфера в домашней обстановке (очень важно, чтобы родители постоянно учавствовали в жизни подростков, побольше проводили воемя с иразговаривали с ними, узнавали о их проблемах и т.д. - информационный контент, который льётся со стороны придурковатого и неадекватного соседа (РФ); тут нужно на данный момент в принципе запретить трансляцию большинства идиотских ТВ каналов с РФ - насильный загон в БРСМ... запретить или саму организацию или запретить вообще упоминание в школах о ней... из-за насильного загона возникает у детей депрессия... - может быть куча куча других причин
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру