У сераду на лінію «102» патэлефанаваў 32-гадовы жыхар Гродна і паведаміў, што мае намер скончыць жыццё самагубствам, пусціўшы ў кватэру газ. На званок адказала тэхнік службы міліцыі «102» Вольга Гамеза.

Супрацоўніца адразу ж высветліла, што падштурхнула мужчыну на такія дзеянні. Яго кінула дзяўчына, таксама мужчына быў п'яны. На адрас, дзе знаходзіўся мужчына, адразу ж накіравалі нарад міліцыі.

Супрацоўніца службы «102» усяляк угаворвала мужчыну не пазбаўляць сябе жыцця, наўмысна зацягвала час, каб да кватэры паспелі прыехаць праваахоўнікі.

Дыспетчару ўдалося ўгаварыць мужчыну не пускаць газ у кватэру. Больш за тое, мужчыну настолькі спадабаўся голас і манера размовы дыспетчара службы «102», што той перадумаў здзяйсняць самагубства і захацеў як мага хутчэй асабіста сустрэцца з дзяўчынай. Дамовіліся сустрэцца ля прадуктовага магазіна.

Яшчэ да прыбыцця міліцыянтаў да кватэры, чалавек, які літаральна некалькі хвілін таму збіраўся здзейсніць суіцыд, імгненна сабраўся і бадзёра накіраваўся да крамы на сустрэчу з супрацоўніцай службы «102». Натуральна, Вольга Гамеза нікуды не пайшла, а перанакіравала туды нарад міліцыі, які і затрымаў мужчыну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?