Галоўны рэдактар ​​праграмы «Хто хоча стаць мільянерам?» Ілля Бер і знаток Аляксандр Друзь адхіленыя на нявызначаны тэрмін ад удзелу ў перадачах «Што? Дзе? Калі?» і «Хто хоча стаць мільянерам?» у сувязі з узаемнымі абвінавачваннямі пра подкуп.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Першага канала, распаўсюджанай у пятніцу, паведамляе ТАСС.

«Рэпутацыйная шкода нанесена… тэлегульні «Што? Дзе? Калі?» і Першаму каналу як вяшчальніку. У гэтай сітуацыі кіраўніцтва Першага канала падтрымлівае рашэнне кампаній-вытворцаў аб адхіленні Іллі Бера і Аляксандра Друзя ад далейшага ўдзелу ў праграмах «Хто хоча стаць мільянерам?» і «Што? Дзе? Калі?».

«Сітуацыя падвяла вяшчальніка, праграму, усіх, хто на ёй працуе, і нашых ні ў чым не вінаватых гледачоў, якія глядзелі той выпуск «Мільянера». Мы вельмі цэнім прафесійныя якасці Іллі Бера, аднак лічым правільным адхіліць яго ад працы ў праграме на нявызначаны тэрмін», — цытуе прэс-служба гендырэктара тэлекампаніі «Чырвоны Квадрат» Іллю Крывіцкага (вытворца «Хто хоча стаць мільянерам?»).

Ілля Бер заявіў, што перад запісам выпуску «Хто хоча стаць мільянерам?» у лістападзе 2018 года Аляксандр Друзь папрасіў яго выдаць адказы на пытанні ў абмен на долю ад выйгрышу ў тры мільёны расійскіх рублёў (каля 100 тысяч беларускіх).

Бер сцвярджае, што прадыктаваў Друзю адказы на чатыры з 15 пытанняў, каб даказаць факт махлярства. Ён абвінаваціў знатака ў неэтычных паводзінах і прапанаваў адхіліць яго ад арганізацыі турніраў «Што? Дзе? Калі?» і ўдзелу ў гульні.

Друзь адмаўляе абвінавачванні, ён заявіў, што на несумленную гульню яго спрабаваў справакаваць менавіта Бер. Па словах Друзя, ён вырашыў паглядзець, «наколькі далёка можа пайсці гэты чалавек». «І чалавек пайшоў далей: пачаў абмяркоўваць дэталі здзелкі, у чым я старанна яму падыграў», — сказаў Друзь.

Ён сцвярджае, што распавёў пра сітуацыю іншаму знатаку «Што? Дзе? Калі?» Віктару Сідневу, які павінен быў удзельнічаць з ім у праграме «Хто хоча стаць мільянерам?» (Сіднеў гэта пацвердзіў). Яны вырашылі, што давядуць гульню да апошняга пытання, спецыяльна адкажуць на яго няправільна, а пасля здымак паскардзяцца на Бера кіраўніцтву перадачы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0