У кнігарнях Беларусі прадаюцца насценныя палітычныя карты свету — але толькі па-руску. Беларускамоўныя карты друкуюць толькі для патрэбаў школ.
Актывісты звярнуліся ў «Белкартаграфію» з пытаннем: што трэба зрабіць, каб у крамах з'явілася насценная палітычная карта? Перадусім попыт.
«Белкартаграфія зрабіла нам прапанову. Яны гатовы паверыць у беларускамоўны рынак і выпусціць 2000 карт свету па-беларуску, калі яшчэ на 1000 карт мы знойдзем заказчыка. 3000 асобнікаў - аптымальны тыраж, які дазваляе выйсці на канкурэнтны (з рускамоўнай картай) кошт: 3-4 рублі», — тлумачаць актывісты.
Яны просяць уласнікаў крамаў і дробнага бізнэсу зрабіць перадзамову карт для продажу або абяцанне ўзяць на рэалізацыю.
А ад жыхароў Беларусі просяць рэакцыю — калі вам патрэбная карта, напішыце ў каментарах на «Нашай Ніве» альбо ў сацыяльных сетках ініцыятывы.