Міністэрства замежных спраў Беларусі накіравала афіцыйнае запрашэнне кіраўніцтву БДІПЧ АБСЕ наведаць краіну для дыялогу па ўдасканаленні беларускага выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс‑сакратара МЗС Андрэя Папова, у якім ён каментуе ўзаемадзеянне Беларусі з БДІПЧ АБСЕ па выбарчай праблематыцы.

«Так, мы заявілі пра гатоўнасць весці дыялог з БДІПЧ АБСЕ па ўдасканаленні беларускага выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі. БДІПЧ, са свайго боку, станоўча адрэагавала на нашу прапанову аб правядзенні кансультацый з беларускім бокам і выказала намер ажыццявіць візіт у Беларусь на ўзроўні кіраўніцтва бюро», — паведаміў А.Папоў.

Ён праінфармаваў, што цяпер выніковая справаздача місіі БДІПЧ па назіранні за парламенцкімі выбарамі «аналізуецца кампетэнтнымі дзяржаўнымі ўстановамі Беларусі». Каардынацыя гэтай працы, паводле слоў прэс‑сакратара, ускладзена на Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў.

А.Папоў паведаміў, што

ў студзені 2009 года ў Мінску адбудуцца кансультацыі «адносна зместу выніковай справаздачы
і вызначэння далейшых мадальнасцяў узаемадзеяння беларускага боку і БДІПЧ АБСЕ па дадзеным пытанні».

Нагадаем, у выніковым дакладзе БДІПЧ гаворыцца, што, нягледзячы на «некаторыя паляпшэнні», выбары ў Беларусі не адпавядалі стандартам АБСЕ.

У прыватнасці, выбарчае заканадаўства не дае магчымасці для «сапраўднай палітычнай канкурэнцыі і роўных адносінаў да кандыдатаў з боку ўладаў» і «перашкаджае правядзенню выбараў» у адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі. Эксперты зазначаюць, што Выбарчы кодэкс Беларусі «не забяспечвае празрыстага механізму захаванасці скрыняў з бюлетэнямі пасля пачатку датэрміновага галасавання, а таксама механізму абароны самога бюлетэня».

Большасці апазіцыйных кандыдатаў было адмоўлена ў рэгістрацыі «з‑за нязначных парушэнняў фармальных патрабаванняў», падкрэсліваецца ў дакладзе. Апрача таго, абмежаванні з боку дзяржорганаў у мэтах стварэння фармальнай роўнасці паміж усімі кандыдатамі прывялі да «мінімуму месцаў для сустрэч, фінансавання кампаніі і доступу да СМІ». На думку экспертаў місіі, усё гэта «стварае магчымасці для фальсіфікацый».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0