15.02.2019 / 16:22

Акцыя «Адзіны дзень бяспекі» пройдзе ў Беларусі з 20 лютага па 1 сакавіка

Акцыя «Адзіны дзень бяспекі» пройдзе ў Беларусі з 20 лютага па 1 сакавіка. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.

«Падобная акцыя ўпершыню будзе праводзіцца ў Беларусі. Задзейнічаюцца дзяржорганы, мясцовыя ўлады і грамадскія арганізацыі, - адзначыў афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі. — Будуць праводзіцца прафілактычныя мерапрыемствы па прадухіленні надзвычайных сітуацый, правапарушэнняў і злачынстваў. Спецыялісты зробяць акцэнт на навучанні паводзінам ва ўмовах пажараў, аварый, аказанні першай медыцынскай дапамогі».

Пройдуць вучэнні і трэніроўкі па рэагаванні на надзвычайных сітуацыях. «Іх правядуць на небяспечных аб'ектах, у будынках з масавым знаходжаннем людзей. Запланаваны праверкі сістэмы абвесткі у тым ліку праз SMS, трансляцыя паведамленняў ад МНС у тэлевізійным і радыёэфіры. Розныя установы адпрацуюць бяспеку правядзення эвакуацыі са сваіх будынкаў», - распавёў Віталь Навіцкі.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру