«Мы хочам мець добрыя кантакты з Беларуссю. Мы дбаем таксама пра вялізную масу палякаў, што жывуць у Беларусі. Больш за мільён палякаў жыве ў Беларусі», — цытуе маршалка Сената Польшчы Станіслава Карчэўскага Dziennik.pl.
Карчэўскі і раней заяўляў пра «мільён» палякаў у Беларусі — пасля свайго візіту ў Мінску у 2018 годзе.
Паводле звестак апошніх перапісаў насельніцтва Беларусі, палякамі запісалася між 2 і 3% людзей. Прычым большасць палякаў назвалі сваёй роднай мовай і мовай хатняй камунікацыі беларускую. «Мільён» палякаў у Беларусі можа быць, калі палякамі лічыць усіх каталікоў, якіх недзе каля мільёна і ёсць. Аднак большасць каталікоў лічаць сябе беларусамі.
Карчэўскі ў размове з журналістамі назваў «скандальным» дэмарш дэпутатаў Сената ад апазіцыйнай Грамадзянскай платформы. Яны, нагадаем, пакінулі залу ў знак пратэсту супраць прыезду прадстаўніка «рэжыму Лукашэнкі».