Спектакль «Дора, або Сэксуальныя нэўрозы нашых бацькоў» эпатуе назвай, але па сутнасці ўяўляе сабой рамантычную меладраму накшталт «Амелі».

Зусім невыпадкова гераіню клічуць гэтаксама, як знакамітую пацыентку Фройда, што пакутліва перажывала сэксуальныя заляцанні сябра яе бацькі. У спектаклі Дора з'яўляецца ў вобразе крохкай дзяўчыны (Алена Барсукова), у першыя хвіліны спектакля яна з невялічкім матыльком на дроціку ходзіць сярод абстрактнай сцэнаграфічнай канструкцыі, што нагадвае вантробы. Вытанчанасць і аляпаватасць, крохкасць і агіднасць — увесь спектакль пабудаваны на такіх кантрастах.

Дзяўчына выяўляецца хворай на неназваную псіхічную хваробу, і ўсё сваё дзяцінства прымае пігулкі, і па яе паводзінах не зразумелыя яе жаданні, мары. Спектакль пачынаецца з таго, што маці просіць доктара адмяніць іх прыём: «Я хачу назад сваю дачку…» І напачатку гэта дапамагае. Выяўляецца, што Доры не падабаюцца штаны, а яна любіць спадніцы. Маці шчаслівая ведаць такія падрабязнасці. Але потым высвятляецца, што Дора вельмі хоча сэксу, і вось гэта вытрываць бацькі ўжо не гатовыя, і менавіта тут пачынаюцца сапраўдныя «неўрозы», якія аўтар п'есы швейцарац Лукас Бэрфус паставіў у назву.

Бацькі (Аляксандр Пашкевіч і Святлана Кажамякіна) сапраўды нервова перажываюць сэксуальнае жыццё сваёй дачкі. Іх стасункі не выглядаюць даверлівымі, Дору здзіўляе сама ідэя таго, што бацькі таксама могуць «трахацца» (кволая дзяўчына абірае менавіта гэтае грубае слова, яшчэ адзін кантраст). Дора відавочна баіцца і капіюе маці (у спектаклі ёсць некалькі сцэн, дзе яна даслоўна паўтарае яе словы), а таксама імкнецца да бацькі, у якога ўсе праблемы дачкі выклікаюць хіба толькі раздражненне. Ім нібыта мусіць дапамагаць вобраз доктара, якога выконвае Павел Паўлюць. Голас розуму, ён часта звяртаецца да Доры наўпрост. Але ў вырашальны момант уласных эмацыйных рэсурсаў, каб справіцца з сэксуальнасцю дзяўчыны, ні ў бацькоў, ні ў доктара нестае, і канфлікт з імі зробіцца для Доры асноўным.

Зрабіцца цалкам самастойнай — вось што галоўнае для гэтай гераіні. Яна сама працуе ў краме і будуе адносіны са сваім шэфам і яго маці (Мікалай Верабей і Ганна Маланкіна). Дора настойвае на сваім праве вырашаць, як трактаваць свае адносіны з каханкам. Дора самастойна будуе сваё жыццё, кіруючыся ўласнымі жаданнямі. Алена Барсукова вельмі цікава існуе на сцэне. Яна вельмі ўважліва да дэталяў кшталту металічных шарыкаў, і ўвесь час губляе ўвагу, калі да яе звяртаюцца. Атрымліваюцца такія прыкметы аўтызму. Дора абаяльная, але такія паводзіны выклікаюць адчуванне дыстанцыі, іншасці. Ключавы эпізод усяго спектакля, калі герой Яўгена Іўковіча (ён пазначаны як «вытанчаны спадар») спакушае Дору, пабудаваны на тым, каб гэтую дыстанцыю скараціць. Вось ён падыходзіць да дзяўчыны, нібы абдымаючы яе ззаду, вось робіць вялікае кола вакол «вантробаў», вось ставіць яе на куб і падхоплівае з яго. Герой Іўковіча абаяльны, мяккі, «гжэчны», але ў гэтай сцэне ёсць нешта драпежнае. У гэтых стасунках няма сапраўднага кахання і эротыкі. У п'есе ёсць вельмі моцны араматычны вобраз. «Вытанчаны спадар» грэбуе пахам мыла і просіць Дору не мыцца. Брудны пах асацыюецца ў яго з сапраўднасцю кахання, для яго сэксуальнасць гэтаксама брудная, як і для Дорыных бацькоў. А яна з лёгкасцю пагаджаецца, бо для яе бруд не ёсць нечым кепскім.

У спектаклі ёсць намёкі, што сапраўдныя пачуцці абудзяцца ў героі, і нават з'явяцца сапраўдныя пачуццёвыя дотыкі. Але ў другой палове спектакля дзея становіцца больш імклівай, і на рамантыку ні часу, ні эмоцый ужо не застаецца. У фінале спектакля Дора стаіць адна «з чамаданам пустым у руках». Абсалютная свабода вымагае абсалютнай самастойнасці і нават самоты. Тое, з якой годнасцю трымаецца ва ўсіх сваіх прыгодах гераіня Барсуковай, на маю думку, і вызначае тую сімпатыю, якую адчуваюць да яе прыхільнікі спектакля.

Віталь Дудзін, рэжысёр старэйшага пакалення, але мяркуючы па вялікай колькасці станоўчых рэакцый ў сацыяльных сетках, даў рады зрабіць спектакль з ракурсам на канфлікт маладых і старэйшых менавіта з пункту гледжання маладых. Цікава параўнаць спектакль з фільмам 2015 годзе. Канфлікты ў ім выяўляюцца больш вострымі: Дора менш самастойная, маці больш адчувае пачуцце віны, сэксуальнасць больш праяўленая ў грамадстве, але для Доры яна яшчэ менш даступная. У такім ракурсе праблема п'есы бліжэйшая да нядаўняй дыскусіі вакол інтэрв'ю Сашы Аўдзевіча пра тое, як кахацца людзям на інвалідных вазках. У параўнанні з гэтым спектакль «Дора» здаецца бяскрыўдным і бяспечным.

Экспертная супольнасць сустракае спектакль куды больш халодна. Складаная тэма выглядае занадта рамантычнай, наведнікі могуць пафатаграфацца ў фотазоне з шыльдай «Адхіленне ад нормы — не хвароба» і задаць пытанні ўдзельнікам спектакля пасля, і гэта таксама значна больш пра спажыванне, чым глыбокае перажыванне. Зрэшты, магчыма, каб мы маглі прыняць такую складаную праблематыку, як сэкс людзей з хваробамі і траўмамі, нам спачатку патрэбны менавіта такія спектаклі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?