Тыдзень арганізаваны Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Як адзначаюць арганізатары, «запланаваныя мерапрыемствы павінны служыць фактарамі, якія заклікаюць суайчыннікаў выкарыстоўваць беларускую мову, беражліва захоўваць яе як каштоўную спадчыну, якая засталася нам ад продкаў, і якая мусіць быць перададзеная дзецям як крыніца нацыянальнай культуры, ментальнасці і светапогляду».

На працягу Тыдня роднай мовы вядучыя навукоўцы Інстытута мовазнаўства выступяць перад грамадскасцю, у сродках масавай інфармацыі, возьмуць удзел у прэзентацыях і святочных мерапрыемствах, якія будуць арганізаваныя дзяржаўнымі ўстановамі, вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі Беларусі.

Міжнародны дзень роднай мовы — штогадовае свята, заснаванае ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА. Галоўная мэта гэтага свята — захаванне моўнай і культурнай шматстайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

У гэтым годзе да Дня роднай мовы ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі прымеркаваны мерапрыемствы:

  1. 19.02.2019 ў 14.00 у Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі (адрас: Сурганава 1, корпус 2) адбудзецца сустрэча са студэнтамі факультэта славянскіх і германскіх моў установы адукацыі «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт»: знаёмства з гісторыяй Інстытута і сучаснымі даследаваннямі, выстава навуковых работ Інстытута, наведванне Музея старажытнай беларускай культуры.
  2. 20.02.2019 у 10.00 Рэспубліканская тэрміналагічная камісія пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіць круглы стол «Беларуска-рускае дзяржаўнае двухмоўе: праблемы ўпарадкавання і функцыянавання беларускай медыцынскай тэрміналогіі», на якім будуць абмяркоўвацца стан і праблемы выкарыстання беларускай тэрміналогіі ў сферы медыцыны і аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь. У пасяджэнні прымуць удзел выкладчыкі медыцынскіх навучальных устаноў краіны, вучоныя-тэрмінолагі, урачы.
  3. 20.02.2019 у 15.00 — Прэзентацыя на базе Музея Першага з’езда РСДРП кнігі Ярушэвіча А. В. «Расейска-беларускі слоўнік. Архіўная спадчына», падрыхтаванай Інстытутам мовазнаўства сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь. «Расейска-беларускі слоўнік» — гэта ўнікальны помнік нацыянальнай лексікаграфіі, першы грунтоўны перакладны руска-беларускі слоўнік, створаны ў нацыянальнай мовазнаўчай навуцы на пачатку яе станаўлення. Дадзены слоўнік з’яўляецца адзіным у айчынным мовазнаўстве даведнікам, які з максімальнай паўнатой адлюстроўвае багацце слоўнікавага фонду сярэднебеларускіх (цэнтральных) гаворак як асновы беларускай нацыянальнай мовы, з’яўляецца інфармацыйнай крыніцай аб яе стане ў другой палове 19-га — пачатку 20 ст. Гэта таксама крыніца пазнання побыту беларусаў на памежжы стагоддзяў, яна дае змястоўныязвесткі аб сацыяльна-эканамічным жыцці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага грамадства ў адзначаны час.
  4. 21.02.2019 у 8.30 — Лекцыя дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігара Капылова «Дзелавая камунікацыя ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму» для слухачоў факультэта павышэння кваліфікацыі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь — кіраўнікоў галоўных упраўленняў (аддзелаў) ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, гарвыканкамаў, райвыканкамаў, мясцовых адміністрацый.
  5. 21.02.2019 адбудзецца выступленне акадэміка Лукашанца А.А. перад студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта БДУ.
  6. 22.02.2019 у 11.00 адбудзецца сустрэча ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа са студэнтамі факультэтаў пачатковай адукацыі, дашкольнай адукацыі і Інстытута інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка: адукацыйна-забаўляльнае мерапрыемства ў форме віктарыны «Простыя словы роднае мовы»
  7. 22.02.2019 у 15.00 ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбудзецца лекцыя вядомага даследчыка гісторыі беларускай мовы кандыдата філалагічных навук, дацэнта Сяргея Запрудскага «Мікола Байкоў — знаёмы і незнаёмы», прымеркаваная да 130-годдзя выдатнага беларускага лексікографа, аўтара «Практычнага расійска-беларускага слоўніка» (1924, разам з М. Гарэцкім), «Беларуска-расійскага слоўніка» (1925), «Расійска-беларускага слоўніка» (1928, абодва разам з С. Некрашэвічам), «Практычнага беларускага вайсковага слоўніка» (у суаўтарстве з А. Бараноўскім) і інш.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0