Пажар у лазні ў пасёлку Старобін Салігорскага раёна адбыўся ў суботу каля 13.00. Калі ратавальнікі прыбылі на месца здарэння, яны пабачылі, што дах пабудовы ахоплены агнём, гарыць і ўнутры будынка, паведамляе 112.by.
Да прыбыцця падраздзяленняў МНС прапаршчык унутранай службы Яўген Бачышча, кіроўца пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №17 Салігорскага раёна, у вольны ад нясення службы час выратаваў маці гаспадыні. Яўген жыве ў Старобіне.
— Я знаходзіўся ў двары, чую — страляе шыфер, я выбег за вароты, — распавядае Яўген. — Бачу, праз два дамы гарыць пабудова. Я пабег туды і заўважыў, як жанчына накіравалася ў хлеў. Удалечыні ўбачыў пажарную машыну. Я — на двор і да лазні. Паклікаў жанчыну, яна адгукнулася, але не выйшла. Я — за ёй. Там было моцнае задымленне. Паспеў, вывеў бабулю на вуліцу. І вынес ровар, з-за якога яна рызыкавала жыццём.
Жанчына не пацярпела.