У панядзелак у судзе над галоўным рэдактарам партала Tut.by прадстаўнікі БелТА патлумачылі, як лічылі шкоду фігурантам справы, якія пасля пагашэння ўрону былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці.

Па словах адвакатаў, па кожным журналісце і рэдактару лічылі кожны месяц заходу на платную версію сайта БелТА, незалежна ад таго, колькі навін адкрывалі карыстальнікі.

— Гаворка ідзе не аб выкарыстанні атрыманай інфармацыі, гаворка ідзе пра доступ, усё роўна, як выкарыстоўвалася ў далейшым інфармацыя, — удакладніў адвакат Панкоў.

Яго калега дапоўніў, што следчы даваў БелТА інфармацыю па кожным фігуранце, пасля чаго налічвалася шкода, гэта значыць кожнай фізічнай асобе, незалежна ад таго, што ўсе яны працавалі ў адной рэдакцыі.

Сумы ўрону розныя — ад 3 да 17 тысяч рублёў. У БелТА няма падпіскі для фізічных асоб, і, па сутнасці, сем рэдактараў Tut.by выплацілі кошт падпіскі як сем рэдакцый. Пры абвяшчэнні абвінавачвання Марыны ў судзе агучылі агульную суму, якую выставілі ўсім фігурантам-супрацоўнікам Tut.by — каля 70 тысяч рублёў.

Прадстаўнікі дзяржвыданняў, якія прысутнічаюць на судзе, адзначаюць, што ўсю шкоду журналісты і рэдактары ўжо пагасілі. Па сутнасці, застаецца толькі прэтэнзія аб кампенсацыі прадстаўнікам БелТА — 6 тысяч рублёў за юрыдычныя паслугі.

Таксама сёння ў судзе вывучаны пісьмовыя матэрыялы і рэчавыя доказы па справе. Марына Золатава звярнула ўвагу, што следчыя адсочвалі перапіску супрацоўнікаў рэдакцыі праз акаўнт Дзмітрыя Бобрыка ўжо пасля ператрусаў і затрыманняў. Праваахоўнікі праз канфіскаваны тэлефон змаглі падключыцца да ўліковага запісу супрацоўніка Tut.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?