У адным з сталічных дзіцячых санаторыяў дзецям раздавалі яркія сшыткі, аздобленыя заклікамі «быць вернымі Расіі».

«Помни, чьё имя носишь!» — нагадвае надпіс на вокладцы сшыткаў, надрукаваных у Расіі на замову Маскоўскай нахімаўска‑сувораўскай садружнасці. Тут жа размешчаныя выявы Суворава, эмблемы вучэльняў яго імя ды ўласна гадаванцы вайсковай установы. Такія сшыткі ў вялікай колькасці былі падораныя расійскімі кадэтамі аднаму са сталічных дзіцячых санаторыяў, які яшчэ на пачатку году быў інтэрнатам для сіротаў.

Што яшчэ чакала беларускіх дзяцей на вокладках тых сшыткаў? Кодэкс гонару расійскага кадэта які акрамя ўсяго іншага заклікае «быць верным Расіі, паважаць і трымацца традыцый Расійскай Арміі». Але галоўны сюрпрыз чакае на апошняй старонцы вокладкі, якую цалкам займае запавет Фельдмаршала Аляксандра Васілевіча Суворава, графа Рымнікійскага, князя Італійскага. «Здраствуйте, братцы, чудо‑богатыри, любезнейшие друзья мои! (…) Помилуй Бог: мы Русские! Восстановим по‑прежнему веру в Бога Милостивого. Очистим беззаконие. Везде фронт. (…) Неприятель от вас дрожит. Вы — Русские! Во языцех — оружию Российскому — вековечная слава! Слава! Слава! Слава!»

Сувораў — герой для Расіі. Для беларусаў жа ён — крывавы заваёўнік.

Мы наўмысна не падаем назву інтэрнату — вінаватыя не загадчыкі, а сістэма, якая выстаўляе беларусаў «таксама рускімі».

У Мінскай вайсковай сувораўскай вучэльні паведамілі, што яе гадаванцы не карыстаюцца сшыткамі, надрукаванымі ў Расіі: «Гэта выключана, нашы сувораўцы пішуць у беларускіх сшытках».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?