19.02.2019 / 11:20

Віктар Марціновіч: Ён, Яна і таварыш следчы 12

Навіна пра тое, што зараз медыкі будуць абавязаныя дакладаць праваахоўным органам пра любы выпадак «палавога жыцця школьніц, маладзейшых за 16 гадоў», з’яўляецца, на маю думку, адным з самых хваравітых сігналаў апошняга часу.

Кажуць, што робіцца тое ў межах прадухілення злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці няпоўнагадовых, дадаецца таксама, што міліцыя тут мела «дыскусію» з Міністэрствам аховы здароўя ў частцы, «якая тычыцца ўрачэбнай тайны», і пазіцыя міліцыі перамагла, бо «калі размова ідзе пра дзяўчыну 14-15 гадоў, то здзейсненае злачынства, і ўрачэбная тайна тут не працуе».

І тут пачынаецца самае цікавае, бо самі ж ініцыятары гэтай дзікунскай ініцыятывы кажуць, што «калі гэта па любові з хлопчыкам», дык «нікога за тое не пасадзілі». А вось калі дзяўчына аказалася ахвярай гвалту — яна магла «ў сілу ўзросту пабаяцца аб гэтым сказаць».

Такім чынам: цяпер гінеколаг, зафіксаваўшы выпадак «палавога жыцця дзяўчынкі, маладзейшай за 16 гадоў», мусіць паведамляць пра гэта «наўпрост кіраўніку мясцовага УУС», «каб інфармацыя не трапляла яшчэ кудысьці і не было грамадскага асуджэння», а пасля дзяўчынка будзе накіраваная да «медыцынскага псіхолага, які падрыхтуе яе да размовы са следчым» (!).

І калі раптам у вас ёсць сумнеў, што гэтая хворая схема будзе працаваць, не сумнявайцеся! Бо дактары, баючыся адказнасці (а цяпер усе баяцца асабістай адказнасці), будуць «інфармаваць органы» з усёй спраўнасцю добра адладжанага механізму. А органы, якія вельмі любяць гнацца за статыстыкай, будуць з энтузіязмам пускаць такія «сігналы» ў працэсуальны абарот.

І гэта крок ужо нават не да Оруэла, а да Замяціна.

Сачыце за логікай: «калі гэта было па любові з хлопчыкам», дык «нікога» за тое саджаць не будуць. Але ў жыццё маладой пары закаханых разам з першым рамантычным вопытам прыйдзе гвалт навязанай звонку кансультацыі з псіхолагам, а потым — «сумоўя» (назавём гэта так) са следчым. Які будзе задаваць малой пытанні, ці ўсё было па згодзе, а пакажыце, як ён вас чапаў, а што потым рабілі вы? І дзяўчыне — 15-гадовай, якая толькі пачала разумець уласныя жаданні і сваё цела — давядзецца на пытанні дарослага адказваць, бо гэта ж следчы і патэнцыйна — крымінальная справа. І хлопцу, які не забаяўся, калі каханая сказала «так», давядзецца прайсці праз навіну пра тое, што ягоную адзіную перавялі ў статус «вядзе палавое жыццё да 16-ці гадоў», потым слухаць яе расповед пра сустрэчу з псіхолагам, потым праводзіць яе на допыт, потым, магчыма, рыхтавацца да допыту самому. Абое — ва ўзросце, калі ніякавееш ад аднаго дапушчэння, што «продкі» даведаюцца, што ты курыш.

І гэта ўсё — не ў фундаменталісцкім султанаце, не ў Іране, не ў Іраку, не ў сярэднявечнай Еўропе. А ў Беларусі ў ХХІ стагоддзі. IT-краіна, чо.

Вам не хапае выпадкаў засільвання жанок, у якіх гразіліся адабраць дзяцей? Не хапае паведамленняў пра дзяўчынак, якія два месяцы «падвяргаліся гвалтоўным дзеянням сэксуальнага характару» ў прытулку, куды яе даставілі, забраўшы з сям’і, ад «дрэнных» бацькоў? Вам хочацца яшчэ большага ўмяшальніцтва дзяржавы ў прыват? Вам трэба, каб у пятлю лезлі закаханыя юнакі? Школьнікі і школьніцы?

Вам не падаецца, што ў юнацкім ложку не месца следчым і аператыўным работнікам? Туды могуць зазіраць з парадамі бацькі і родныя, але ніяк не міліцыя.

Сітуацыя, якая была ў Беларусі дагэтуль, супадала з прафілактыкай такіх злачынстваў па ўсім свеце: калі было згвалтаванне — патрэбная заява. Калі няма заявы — выціскаць гэтую заяву следчыя не мусяць нават пасля падрыхтоўчай працы псіхолагаў. Мне здаецца, на гэтай кропцы ўсё і мусіць застацца, бо пагоня за раскрывальнасцю непазбежна прывядзе тут да траўмаў на ўзроўні цэлай генерацыі маладых. Каго яны вырасцяць? Робатаў? Замяцінскія «нумары», якія, кахаючыся, думаюць пра закон, а не пра пачуцці?

Хацеў бы нагадаць, што аўтарытарызм ад таталітарызму адрозніваецца менавіта паўсюднасцю кантролю дзяржавы над любой сферай жыцця і дзейнасці грамадзян. Было б дзіўна, калі б змены характару рэжыму пачалі вызначацца не палітыкамі, а занадта прагнымі да ролі «новых пастараў» сілавікамі. Кожнаму мусіць заставацца ягоная справа: міліцыя ловіць злачынцаў, бацькі гадуюць дзяцей, маладыя вызначаюцца, як далёка пойдуць пасля першага пацалунка.

24
андрушка / Адказаць
19.02.2019 / 12:02
Оруэл і Замяцін стаяць побач? нешта мне нагадвае батл Оксі  ды Гнойнага...
5
Яўгенка / Адказаць
19.02.2019 / 12:13
На усялякі выпадак, трэ яшчэ і кожную паўнагадовую, што вядзе палавое жыцьцё, дапытваць на гэты конт. Да псіхолага там вадзіць, дк следчага. А то ж мо яе згвалцілі, а яна не заўважыла.
3
Мікола / Адказаць
19.02.2019 / 12:23
Я ніколі не лезу ў дыскусіі з Марціновічам, бо часта не разумею ці не згодны. 8-)
Але тут на 100% згодны і дзякую што ён выказаўся.
Увогуле я б сфармаваў універсальнае правіла - "ніхто трэці не мае права заходзіць за дзверы спальні" - ні міліцыя (косплееру прывітанне), ні гінеколаг, ні папы, ні ксяндзы. Калі двух чалавек усё задавальняе - ніхто не ў праве ім казаць "гэта правільна, а гэта вы робіце няправільна"
Выключэнне - педафілія, гэта цяжкае злачынства, і такіх трэба ізаляваць.
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру