«Форэст Гамп», «Хронікі Нарніі» і «Уолтэр Міці» вяртаюцца: «Беларускія ўікэнды» робяць паўтор самых хітовых фільмаў на Дзень роднай мовы.
На пачатку 2019 года «Беларускія ўікэнды» праводзілі галасаванне сярод гледачоў — якія з фільмаў праекта варта паўтарыць. Больш як 1500 чалавек абралі «Форэста Гампа», «Хронікі Нарніі» і «Уолтэра Міці» найлепшымі фільмамі.
Таму «Кінаконг» пры падтрымцы velcom ладзіць паўторныя паказы гэтых фільмаў па-беларуску. Імпрэзы прымеркаваныя да Дня роднай мовы:
22 лютага (пятніца) — «Форэст Гамп».
«Форэст Гамп» — цікавая гісторыя незвычайнага лёсу, якая атрымала ў 1995 годзе 6 прэмій «Оскар», у беларускай агучцы фільм паглядзела больш за 2000 чалавек.
23 лютага (субота) — «Хронікі Нарніі».
«Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» — цудоўная экранізацыя знакамітай кнігі, пераклад якой быў прэзентаваны разам з фільмам.
24 лютага (нядзеля) — «Таемнае жыццё Уолтэра Міці».
Адмыслова да прэм’еры фільма «Таемнае жыццё Уолтэра Міці» быў зняты відэакліп на спеў з фільма — перакладзены на беларускую мову Space Oddity Дэвіда Боўі, які выканала маладая спявачка Валерыя Яскевіч і музыка гурта ЛСП Пётр Клюеў. Кліп быў зняты на даху офіса кампаніі velcom. Відэа набрала каля мільёна праглядаў на YouTube і ў сацсетках.
Паказы пройдуць у кінатэатры «Масква». Квіткі можна набыць у касах кінатэатра і анлайн.