20.02.2019 / 21:53

Замак у Гальшанах цяпер не пазнаць ФОТЫ 15

Нават тыя, хто апошнім разам бываў у Гальшанах усяго які год таму, сёння знакаміты на ўвесь край замак не пазнаюць. Яго паўночная вежа — яшчэ нядаўна паўзруйнаваная — ужо цешыць вока бялюткай свежай тынкоўкай. Адноўленая і накрытая дахам, на якім красуецца флюгер, звонку яна ўжо выглядае амаль завершанай — хаця наперадзе яшчэ даволі працы. Каб паспець своечасова, работы па аднаўленні не спыняюць нават узімку.

Побач з вежай — руініраваны фрагмент паўночна-заходняй замкавай сцяны, які будзе рэканструяваны бліжэйшым часам. Другога паверха ў гэтым месцы ўжо няма, над праёмам у першым — толькі цудам ацалелая арка таўшчынёю ў некалькі цаглін. Вока прыкмячае цікавую дэталь: з гэтай аркі расце кронаю ўніз дрэўца. Як тлумачаць рэстаўратары, высякаць яго нельга — арка можа абрынуцца, бо дрэўца пусціла карэнне між цэглы. Каб гэтага не здарылася, давядзецца акуратна прыбраць камель, а карані пакінуць у мурах. Зрэшты, падступіцца да дрэва наогул цяжка: драбіны не падставіш, бо з унутрага боку сцяны ўзровень зямлі значна ніжэйшы, уніз сыходзяць скляпенні замкавага жылога корпуса. А звонку тут узровень друзу яшчэ не так даўно сягаў вышыні аркі — вось дрэва і прарасло. Вялікі пласт зямлі і смецця знялі, рыхтуючы замак да рэстаўрацыі.

Флюгер над вежай-эркерам

Пра аднаўленне Гальшанскага замка карэспандэнтам «Культуры» распавядае вядучы метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік. Паводле яго словаў, падрыхтоўчы этап працаў ужо выкананы ў межах дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» — гэты аб’ект быў уключаны ў яе ўжо двойчы, у 2011 і 2016 гадах. За гэты час праведзена вялікая даследчая работа, якая ўключае і новыя археалагічныя даследаванні, выканана расчыстка муроў ад зямлі і смецця, слой якога месцамі дасягаў некалькіх метраў.

У 2018 годзе з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва на кансервацыю і рэстаўрацыю Гальшанскага замка было вылучана 250 тысяч рублёў. На гэтыя сродкі праведзеная гідраізаляцыя фундамента, адноўлены сцены паўночнай вежы, а таксама аконныя і дзвярныя праёмы. Муры вежы для ўмацавання былі сцягнутыя спіралепадобнымі стрыжнямі, між’ярусныя перакрыцці — умацаваныя, а наверсе ўсталяваны дах з флюгерам.

Цяпер адбываецца рэканструкцыя фрагментаў сцен, якія прылягаюць да вежы. Пры гэтым выкарыстоўваецца аўтэнтычная цэгла-пальчатка з муроў замка, якая ў свой час была складзіраваная і захаваная. Пры аднаўленні сцен даводзіцца замяняць лядашчыя цаглінкі на больш моцныя. Сучаснай цэглы, якая выкарыстоўваецца, напрыклад, пры кансервацыі Крэўскага замка, на сённяшнім этапе работ у Гальшанах не пабачыш.

Ужо зроблена і металічная лесвіца, па якой неўзабаве можна будзе трапіць у вежу. Яна размесціцца ўздоўж унутранага боку муроў, бо ўнутры вежы лесвіцаў не было, і на кожны яе ярус можна было ўвайсці толькі з жылога корпуса — фактычна, вежа з’яўлялася яго эркерам.

Пачалося і ўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі. Так, нядаўна былі высечаныя хмызы на паўночны захад ад замкавых сцен — на тым месцы, дзе некалі былі штучныя ставы. Дзякуючы гэтаму адсюль адкрылася прыгожая панарама мястэчка, над якім пануюць абрысы касцёла і царквы.

Па праграме «Культура Беларусі» сёлета на аднаўленне Гальшанскага замку вылучана 150 тысяч рублёў. Гэтыя сродкі пойдуць на заканчэнне вонкавых работ на вежы і фрагментах прылеглых сцен, усталяванне відэаназірання, рэканструкцыю арак і скляпенняў. Таксама накіраваная заяўка на грант для добраўпарадкавання тэрыторыі вакол замка і музеефікацыі вежы.

Галоўны экспанат

Рэвіталізацыяй Гальшанскага замка займаецца Беларускі камітэт ICOMOS. Па словах кіраўніка праектнага бюро гэтай арганізацыі Ігара Раханскага, канцэпцыя экспанавання для Гальшанскага замка была распрацаваная яшчэ ў 2008 годзе. Сутнасць яе палягае ў тым, што помнік спадчыны разглядаецца як суцэльны экспанат, размешчаны пад адкрытым небам.

Канцэпцыя аднаўлення прадугледжвае толькі частковую рэстаўрацыю замка, бо бракуе звестак і графічных крыніц, якія дазволілі б меркаваць пра яго агульны выгляд на момант пабудовы і ў пазнейшыя часы. У будучыні большую частку муроў плануюць закансерваваць у стане жывапісных руінаў. Замак разглядаецца як аб’ект, на вобраз якога наклала свой адбітак кожнае пакаленне нашых папярэднікаў, і задача сённяшніх рэстаўратараў — пакінуць тут годную памяць аб сучасных часах для нашчадкаў.

У інтэр’ерах паўночнай вежы плануецца часткова аднавіць старыя і стварыць новыя роспісы. З’явіцца там і камін з ляпным дэкорам, аналагічны страчанаму — на жаль, толькі дэкаратыўны. Зрэшты, ягоны комін ужо ўздымаецца над дахам вежы.

Ацяплення ў вежы не будзе, і таму ў экспазіцыі будуць размешчаны толькі тыя музейныя прадметы, якія дазволіць змясціць тэмпературны рэжым. Верагодна, будзе тут прадстаўленая і частка археалагічных знаходак з тэрыторыі замка. У падвале вежы можа з’явіцца экспазіцыя, прысвечаная міфам і містычным паданням, звязаным з замкам — зразумела, такую тэму абмінуць немагчыма. А на верхнім ярусе будзе аглядная пляцоўка.

На тэрыторыі, якая прылягае да замка з паўночнага ўсходу, з боку ўязной брамы, з’явіцца візіт-цэнтр для турыстаў, дзе будуць змяшчацца сувенірныя крамы, пакоі для экскурсаводаў і абслугоўваючага персаналу. Побач размесцяцца італьянскі сад (парк без дрэваў) ды іпадром для конных спаборніцтваў, якія адбываюцца падчас фэстаў ля сцен замка.

На думку Сяргея Жыліка, Гальшаны маюць вялікі турыстычны патэнцыял дзякуючы шэрагу фактараў. Мястэчка выгодна размешчана на турыстычных маршрутах ля мяжы з Літвой, захавала гістарычную забудову, а таксама мае багатую гісторыю і міфалогію. З Гальшанамі звязаныя не толькі важныя падзеі мінулага і лёсы гістарычных асобаў, але і шэраг легендаў ды

паданняў, якія прывабліваюць у мястэчка аматараў містыкі і прыгодаў.

Не ў апошнюю чаргу паспрыяў такой славе і вядомы дэтэктыўны раман Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Вобразы апісаных у рамане замка і мястэчка ў немалой ступені грунтуюцца на рэальным выглядзе Гальшанаў і тутэйшага замка — хаця пісьменнік і адзначаў, што вобразы гэтыя зборныя. Таксама спрыяе росту цікаўнасці да замка і міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Гальшанскія чытанні», якая з 2006 года збірае на Ашмяншчыне даследчыкаў з розных краін і летась ладзілася ўжо ў восьмы раз.

А 18 мая адбудзецца ўжо дзясяты, юбілейны, фестываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак», які збірае рэканструктараў тагачаснага побыту, рыцарскія клубы і проста аматараў гісторыі. На прылеглай да замка тэрыторыі размесцяцца музычная сцэна, намёты, рыцарскі стан, будуць прадавацца вырабы рамеснікаў. Як і ў мінулыя гады, адбудуцца выступы музыкаў, тэатралізаваныя прадстаўленні, конныя турніры…

Але сапраўднай перлінай і галоўным падарункам для гасцей сёлетняга фестывалю, вядома, зробіцца адноўленая паўночная вежа замка. Хочацца спадзявацца, што цікавасць, якую выкліча ў публікі ейны вонкавы выгляд, стане стымулам найхутчэй напоўніць яе зместам і ўнутры. Усталяванне лесвіцы, падсветка сцен, стварэнне экспазіцыі патрабуюць значных высілкаў і сродкаў — але дзякуючы гэтаму старыя муры ажывуць.

2
Вайс / Адказаць
20.02.2019 / 17:25
Нарэшце!
3
Бел / Адказаць
20.02.2019 / 17:43
А Ружанскі палац нібыта рэстаўруюць-рэстаўруюць а год ад года знешне не мяняецца...
2
Вожык / Адказаць
20.02.2019 / 18:14
Файная навiна! Мы былi там у 2017-м, бычылi зусiм iншае
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру