59-ты Сусьветны газэтны кангрэс і 13-ты Сусьветны форум рэдактараў сёлета прайшлі ў Маскве. Форум сабраў 1700 выдаўцоў і рэдактараў з больш чым ста дзяржаваў. Сярод іх была групка беларускіх газэтчыкаў. Ад нашай краіны давялося выступаць мне. Арганізатары прасілі параўнаць сытуацыю са свабодай слова ў Беларусі й Расеі. Уразіў выступ прамоўцы перада мною. Ім быў Мікалай Сванідзэ, вэтэран расейскага тэлебачаньня і важная асоба ў «Грамадзкай палаце» пры прэзыдэнту Расеі. «Не расейская ўлада вінаватая ў праблемах з свабодай слова, а грамадзтва. Публіка стаміліся ад альтэрнатыўнай інфармацыі, – заявіў ён. – «Грамадзкая палата» хоча дапамагаць рэгіянальным выданьням стаць свабоднымі. Але цяжка знайсьці тых, хто хоча быць свабоднымі. Быць залежнымі прасьцей». Больш за тое, няможна «патрабаваць ад расейцаў звычкі заходняга чалавека да дэмакратычных каштоўнасьцяў». Сванідзэ адразу запярэчылі расейскія рэгіяналы, тыя самыя, якія нібыта ня хочуць свабоды, сталі расказваць, як яны судзяцца, як дабіваюцца і як іхныя чытачы прагнуць альтэрнатыўных думак.

Я ў сваім выступе гаварыў пра адказнасьць СМІ. Гаварыў пра беларускую незалежную прэсу, як яна выконвае свой прафэсійны абавязак, нягледзячы ні на што. Казаў, што расейскія СМІ зусім не аб’ектыўна асьвятляюць падзеі ў краінах былога СССР. Што для грамадзянскай супольнасці Беларусі было вялікім шокам тое, як расейская прэса падавала сакавіцкія падзеі. Што свабода ня можа быць «кропкавай»: ня можа быць свабоды ў асьвятленьні адных падзеяў і несвабоды – у асьвятленьні другіх. Калі такое дапускаецца, то зона несвабоды будзе распаўзацца і шырыцца, як мы гэта бачылі на прыкладзе беларускіх дзяржаўных СМІ, казаў я сваім расейскім калегам.

Пасьля я даведаўся, што сьпіс выступоўцаў ад Расеі ўзгадняўся з Адміністрацыяй расейскага прэзыдэнта. Гаварылі нават, што прэзыдэнту Сусьветнай асацыяцыі газэтаў Гэйвіну О’Рэйлі таксама давялося карэктаваць свой вітальны выступ у адпаведнасьці з пажаданьнямі расейскага боку, бо ў адваротным выпадку Уладзімер Пуцін не прыйшоў бы на адкрыцьцё кангрэсу.

У выніку Пуцін зьявіўся ў Вялікі крамлёўскі палац са спазьненьнем на дзьве гадзіны, а Нацыянальны сымфанічны аркестар пад кіраўніцтвам Сьпівакова запаўняў вымушаную паўзу фрагмэнтамі са «Сьпячае красуні».

Гэта добра перадае атмасфэру, у якой адбываўся форум. З аднаго боку, расейскі бок стараўся ўсяляк прывабіць інвэстараў, пераканаць іх, што ў Расею выгадна ўкладаць грошы. З другога боку – за ўсім гэтым цяжка было схаваць тое, што стан свабоды СМІ ў Расеі далёкі ад ідэальнага.

Пуцін гаварыў, што камэрцыю трэба аддзяліць ад ідэалаў. Г.зн. у Расеі можна рабіць вялікія грошы, але для гэтага варта забыцца на пэўныя прынцыпы. Мала каму сярод удзельнікаў форуму гэта спадабалася.

Дарэчы, найвышэйшая ўзнагарода Сусьветнай арганізацыі газэтаў называецца «Залатое пяро свабоды». Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымлівала яе ў 2003 годзе. А сёлета ляўрэатам стаў іранскі журналіст Акбар Ганджы, які адбыў 6 гадоў у турме за крытыку ўладаў.

Наступны, юбілейны, кангрэс, адбудзецца ў Кейптаўне. Гэты ж усьцешыў тым, што пакліканыя на яго былі сярод іншых і беларускамоўныя газэты. Што нас вызналі за наш прафэсіяналізм. Што мы занялі «свой пачэсны пасад між народамі».

У беларускім фірмовым цягніку на Маскву цяпер кормяць гарачай вячэрай, цана якой уключана ў кошт квітка. На рэйсах да Варшавы, Кіева ці Берасьця такога няма. Усё беларуская ўлада пнецца ўразіць «старшых братоў».

А што сама Масква? Яна душная й загазаваная, у цэнтры яе яшчэ меней зеляніны, чым раней, дрэвы на вачах гінуць ад выхлапаў. Масква ня робіць уражаньня багацейшае за Менск, затое яна напэўна менш зручная для жыцьця. Але прыемна ўразіла зычлівасьць людзей на вуліцах і ва ўстановах. Асабліва кідаецца ў вочы адкрытасьць і сумленнасьць маладога пакаленьня. Савецкая пахмурасьць, круцельства адыходзяць у мінулае. Здалося, што ў Менску цяпер народ больш азлоблены, а калісьці ж было наадварот. Дачныя дамкі пад Масквой больш дагледжаныя, чым пад Менскам. Не багацейшыя – акуратнейшыя. Пафарбаваныя, абгароджаныя. Спынялася на тым маё вока, бо дэсаветызацыя Расеі адводзіць пагрозу ад Беларусі. Калі маё вока не мылялася, ня ў доўгім часе – можа ўжо праз 10 ці 15 гадоў – мы пабачым, як спсп. Пуцін і Сванідзэ не пазнаюць свайго народу.

Андрэй Дынько

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0