21.02.2019 / 12:53

Шэсць кампаній з беларускай назвай, пра якія варта ведаць 5

На беларускім рынку не так шмат кампаній, якія выкарыстоўваюць у нэймінгу словы на роднай мове і яшчэ менш тых, у каго, акрамя назвы, беларуская мова задзейнічаная ў камунікацыях, сэрвісе ці ўпакоўцы. Таму сёння, у гонар Міжнароднага дня роднай мовы, узгадваем айчынныя кампаніі, якія падкрэсліваюць нацыянальную ідэнтычнасць у назве ці сваіх прадуктах, а таксама прасоўваюць каштоўнасці беларускай мовы.

Мілавіца

Назва паходзіць ад старажытнаславянскага імя багіні Венеры. У 1991-м кампанія вырашыла перайменавацца, і замест «Камсамолкі» на свет з'явілася «Мілавіца», больш адпаведная новай эпосе і новым каштоўнасцям. Аўтарам нэймінгу стаў пісьменнік Уладзімір Паўлаў.

За апошнія гады «Мілавіца» ўдзельнічала ў некалькіх цікавых праектах па прыцягненні новай аўдыторыі. У прыватнасці, у 2018 быў запушчаны фотапраект з жанчынамі-мадэлямі рознага ўзросту. Такім чынам кампанія падтрымала трэнд на барацьбу з эйджызмам у мадэльных фотасесіях.

Цяпер кампанія ўваходзіць у эстонскі холдынг Silvano Fashion Group і працуе не толькі на рынку Беларусі, але і шматлікіх еўрапейскіх краін. Дарэчы, доля беларускага рынку па дадзеных холдынгу паступова скарачаецца — у канцы 2018 года продажы ў Беларусі скараціліся на 12,3%, а агульная сума продажаў, якая прыходзіцца на Беларусь, знізілася да 25,5%.

Світанак

Айчынны вытворца трыкатажу змяніў назву на звыклае беларускаму вуху «Світанак» у 1994 годзе. У той жа час кампанія змяніла і форму ўласнасці, ператварыўшыся ў акцыянернае таварыства.

Большая частка продажаў кампаніі ідзе на экспарт, на беларускі рынак прыпадае прыкладна 30%. Самае актыўнае развіццё ідзе на расійскім рынку, куды кампанія прадае франшызы для развіцця крам фірменнага гандлю. У 2019 годзе атрымана больш за 50 заявак на адкрыццё такіх крам.

У сваёй прадукцыі «Світанак» выкарыстоўвае і нацыянальныя матывы, але часам тут здараюцца канфузы.

Так, у 2016 годзе кампанія выпусціла на рынак футболкі з беларускім арнаментам. Аказалася, што іх дызайн моцна нагадвае калекцыю такіх жа футболак рэпера Снуп Дога. У кампаніі растлумачылі супадзенне выпадковасцю і тым, што беларускія арнаменты ў прынцыпе падобныя.

Слодыч

Менавіта слодычамі і славіцца кампанія, якая выпускае сотні відаў печыва на ўнутраны і знешні рынкі. «Слодыч» атрымала новае імя ў 1994-м, змяніўшы непрывабную назву «Мінская кандытарская фабрыка №2».

Асноўны рынак для кампаніі — беларускі, на долю экспарту прыпадае толькі 10% продажаў. Таму ў пакаванні печыва актыўна выкарыстоўваецца нацыянальная сімволіка: арнаменты, валошкі, узоры.

Лідскае

На беларускую мову вытворца піва і квасу перайшоў у 2016 годзе. Прычым зрабіў гэта маштабна: лагатып, этыкеткі, сайт, нэймінг, камунікацыі і фестывалі сталі з гэтага моманту беларускамоўнымі.

Вынікі 2017 года пацвердзілі правільнасць абранай стратэгіі: продажы піва выраслі на 9,2%, квасу — на 6%. А фестываль Lidbeer назвалі самым беларускім мерапрыемствам года за кошт поўнага пераходу на беларускую мову: налепкі, карты, указальнікі, плакаты і нават цэннікі зрабілі па-беларуску.

Акрамя гэтага, кампанія займаецца і сацыяльнымі праектамі па прасоўванні беларускай мовы. «Агульная дыктоўка» збірае сотні ахвотных напісаць дыктоўку па беларускай мове і праверыць свае веды. Летам 2018 года тэкст дыктоўкі быў прысвечаны 400-годдзю першага беларускага буквара, а зачытвала дыктоўку спявачка Руся.

Банк Дабрабыт

Банк Масква-Мінск правёў у 2019-м рэбрэндынг і стаў беларускім Банкам Дабрабыт. Гэты крок у банку патлумачылі пашырэннем аўдыторыі і перадпродажнай падрыхтоўкай. Па словах старшыні праўлення банка Ігара Ліхагруда, рэбрэндынг павінен зрабіць больш сучасным успрыманне банка, прывесці яго ў адпаведнасць з сённяшнім часам.

Акрамя назвы, банк атрымаў новы фірмовы стыль з беларускай нацыянальнай сімволікай, памяняў сайт, зрабіў яго беларускую версію, рыхтуе абноўлены мабільны дадатак.

Банк Дабрабыт уваходзіць у Топ-10 беларускіх банкаў па памеры актываў і займае першае месца па аб'ёме валютных таргоў на беларускай валютна-фондавай біржы.

Bulba Ventures

Асобна варта ўзгадаць кампанію, якая прасоўвае Беларусь на сусветнай сцэне не столькі сваёй беларускасцю, колькі ўдалымі ўгодамі з IT-гігантамі. Bulba Ventures — адна з нешматлікіх айчынных інвестыцыйных IT-кампаній, якая выкарыстала ў назве беларускую мову.

Стваральнікі кампаніі — заснавальнік AIMatter і Maps.me Юрый Мельнічак і былы топ-менеджар «Атлант-М» Андрэй Аўсіевіч патлумачылі, што назва кампаніі прыйшла ў галаву практычна ў апошні момант перад рэгістрацыяй. На думку Андрэя Аўсіевіча, слова «бульба» — прыгожае і добрае, такое ж, як apple па-англійску.

У жніўні 2017 года AIMatter быў набыты кампаніяй Google, а у 2018 адзін з праінвеставаных Bulba Ventures стартапаў FriendlyData быў прададзены ServiceNow.

1
фелікс / Адказаць
21.02.2019 / 13:16
Дарэчы, доля беларускага рынку па дадзеных холдынгу паступова скарачаецца — у канцы 2018 года продажы ў Беларусі скараціліся на 12,3%, а агульная сума продажаў, якая прыходзіцца на Беларусь, знізілася да 25,5%.

Затое прыходзяць розныя "цюбяцейкі" і расейцы.
0
П.В. / Адказаць
21.02.2019 / 13:51
«Слодыч» атрымаў новае імя
чаму "атрымаЎ"?
слодыч  (рус. сладость) - жаночы род, а не слова, падобнае на нейкае рускае імя па бацьку.

у ранейшым канцексце таксама ідзе гаворка пра кампанію (ж.р.).


0
Ulad / Адказаць
21.02.2019 / 14:24
Няма "Дайновы".
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру