Фота з фэйсбука Андруся Козела

Фота з фэйсбука Андруся Козела

Сям’і з вёскі Вайкунцы Воранаўскага раёна, дзе маці павесілася пасля таго, як органы апекі забралі дзяцей, перадалі патрэбныя рэчы, піша Радыё Свабода.

Таццяна памерла 7 лютага, увечары таго ж дня, калі з сям’і ў прытулак забралі чацвярых дзяцей. Дагэтуль сацыяльныя службы настойвалі, каб сям’я пераехала з вясковай хаты ў новую кватэру ў Воранаве. Аднак у іх не было грошай, каб набыць туды ўсю мэблю, таму пераезд адкладалі.

Пасьля трагедыі журналісты тэлеканала «Белсат» Андрусь Козел і Вольга Чайчыц абвесцілі ў «фэйсбуку» збор патрэбных рэчаў для сям’і. За тры дні адгукнулася каля 50 чалавек, расказала Свабодзе педагог-псіхолаг Святлана Бергер, якая брала ўдзел у дапамозе.

Усе ахвяраваныя рэчы завезлі ў Воранава і перадалі мужу нябожчыцы Таццяны Андрэю 20 лютага. Людзі перадалі чатыры канапы, тахту, шафы, крэслы, пральную машыну, тэлевізары, камп'ютары, посуд, бялізну, ручнікі, адзенне для дзяцей, цацкі.

Цягам дня з дапамогай знаёмых і сваякоў Андрэя здолелі разгрузіць рэчы і расставіць мэблю па кватэры. Калі сям’я пераедзе ў Воранава, гаспадарку (кароў, сьвіней) будзе даглядаць бацька Андрэя.

Святлана Бергер разам з Андрэем заехала ў прытулак да ягоных дзяцей у Радуні, пагаварыла з дырэктаркай прытулку Данутай Савіцкай. Па ейных назіраннях як дзіцячага псіхолага, дзецям цяпер дастаткова добра ў прытулку. Кіраўніцтва дапамагае Андрэю і іншым бацькам, каб як мага хутчэй вярнуць іх у сям’ю. Неўзабаве ўсе чацвёра паедуць у санаторый, каб паправіць здароўе. Адметна, што ўсе дзеці з Радунскага цэнтру пасля вяртаюцца дахаты, а не пераходзяць у дзіцячы дом.

Паводле вынікаў пракурорскай праверкі, для адбірання дзяцей у 30-гадовай шматдзетнай маці з Воранаўскага раёна былі бясспрэчныя законныя падставы, паколькі дзеці «пражывалі ва ўмовах, якія ўяўлялі рэальную і непасрэдную пагрозу іх жыццю і здароўю, з прычыны чаго правы і законныя інтарэсы чацвярых малалетніх груба парушаліся».

Пракуратура сцвярджае, што адсутнічаў належны догляд дзяцей, парушаліся сацыяльныя нормы і правілы, у тым ліку правілы гігіены, што пацягнула за сабой захворванні дзяцей, а парады медыкаў ігнараваліся. Сцвярджаецца, што не задавальняліся патрэбы дзяцей у ежы, адзенні, належных умовах пражывання, адпачынку і адукацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?