22.02.2019 / 11:42

На ВІДЭА трапіла сустрэча каметы са спіральнай галактыкай 2

Амерыканскае аэракасмічнае агенцтва НАСА выклала здымкі прахода каметы Івамота на фоне спіральнай галактыкі. Камета (зялёная кропка на відэа) была адкрытая японскім аматарам-астраномам Масаюкі Івамота летась.

Папярэднім разам камета завітала ў Сонечную сістэму каля 648 года — за тры стагоддзі да княжання Рагвалода ў Полацку.

13 лютага касмічная госця максімальна наблізілася да Зямлі і цяпер зноў адлятае ад нас у глыбіні Сусвету.

На відэа здаецца, што камета і спіральная галактыка NGC 2903 знаходзяцца зусім побач. Але не падманвайцеся: калі касмічная вандроўніца знаходзіцца на адлегласці «ўсяго толькі» 10 светлавых хвілінаў ад нашай планеты, то галактыку ад нас аддзяляе ажно 30 мільёнаў светлавых гадоў.

Дзве знічкі-бліскавіцы, якія праносяцца наўскос экрану — гэта спадарожнікі, створаныя людзьмі. Застаецца толькі падзівіцца, што ўсе гэтыя аб’екты, такія далёкія і такія розныя, можна пабачыць на маленькім квадраціку экрана, створанага чалавекам.

0
Ян Севярын Бакей / Адказаць
24.02.2019 / 10:10
цікава было б пачуць камэнтар фотамастака і астронама Віктара Малышчыца да рэдакцыйнага артыкула. Асабіста мне рэжа вуха як загаловак -"сустрэча камэты са спіральнай галактыкай" - нешта накшталт "сустрэча мікроба  с зоркаю Сіріус на фоне гары Фудзіяма"(ну несувымерныя ж аб'екты...), так і тэкстуальная "папярэдні раз камета завітала ў Сонечную Сістэму ў 684ым". Калі камета перыядычная, вяртаецца, то яна па вызначэньні ёсьць часткаю Сонечнай сістэмы, матляецца тысячагодьдзі недзе на трансплутонавай арбіце, але ў полі гравітацыі Сонца. Ня ведаю нават, ці ёсьць каметы з-за межаў Сонечнай сістэмы, па ідэі, павінны б былі быць, але яны якраз спарадычныя, не вяртаюцца і даказаць іх паходжаньне складана
Але нешта ніхто на гэтую навіну не адрэгаваў....
0
Алесь Белы / Адказаць
27.02.2019 / 21:11
цалкам згодны з папярэднім каментам
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру