Пяць чалавек затрыманыя па справе аб забойстве немаўляці, цела якога было выяўлена пад балконам дома ў Серабранцы, аднак «сітуацыя вельмі заблытаная». Пра гэта распавёў старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч у эфіры тэлеканала «Беларусь 1», паведамляюць Мінск-навіны.

Нагадаем, што цела пяцімесячнага хлопчыка з прыкметамі гвалтоўнай смерці знайшлі 8 лютага пад балконам аднаго з дамоў на праспекце Ракасоўскага ў Мінску. Следчыя распачалі крымінальную справу па ч.2 арт.139 («Забойства»).

Па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства затрымалі пяцярых чалавек, у тым ліку маці і бацьку дзіцяці. Паводле папярэдняй інфармацыі, яны напярэдадні сумесна ўжывалі алкаголь у кватэры.

Па словах І. Наскевіча, «сітуацыя вельмі заблытаная» і трэба будзе шмат працы, каб высветліць, ад чаго менавіта загінула дзіця.

— Я чаму і назваў першапачаткова гэтую сітуацыю не як забойства, а як надзвычайнае здарэнне, — адзначыў кіраўнік СК. — Прынамсі цялесных пашкоджанняў на целе дзіцяці, звязаных з падзеннем з вышыні, а менавіта з 11-га паверха, няма. Гэта значыць ён загінуў у сілу іншых прычын. І нам яшчэ трэба будзе дэталёва ва ўсім разабрацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0