Як высветлілі журналісты, Дзяніс Сяргееў вырас у казахстанскім Ушарале. У 1990-м годзе ён скончыў Екацярынбургскае сувораўскае ваеннае вучылішча, пасля чаго працягнуў ваенную кар'еру ў ПДВ. У 1999 г. Сяргееў удзельнічаў у баі за вышыню Аслінае вуха ў Дагестане, быў паранены і прадстаўлены да дзяржаўнай узнагароды. У пачатку 2000-х Сяргееў пераехаў у Маскву, дзе паступіў у Вайсковую акадэмію, якая рыхтуе супрацоўнікаў ваеннай разведкі.

Ужо распавядалася пра ўдзел Сяргеева ў атручванні Скрыпалёў і балгарскага прадпрымальніка Эміліана Гебрава. Але гэта, падобна, былі далёка не адзіныя яго аперацыі.

Так, Фядотаў быў у Каталоніі непасрэдна перад рэферэндумам аб аддзяленні і ў Брытаніі перад рэферэндумам аб брэкзіце. Пакуль пацвердзіць яго сувязь з гэтымі падзеямі не ўдалося.

Некаторыя з паездак Сяргеева пакуль яшчэ цяжка растлумачыць, у тым ліку ў Таджыкістан ў 2013 годзе, Чэхію ў 2014 годзе і Турцыю ў 2015 годзе. Аднак жа эксперт, з якім пагутарылі Bellingcat і The Insider, выказаў здагадку, што яны могуць быць звязаныя са здзелкамі па продажы зброі ў Сірыю.

Затое некаторыя іншыя сувязі прасочваюцца досыць відавочна.

Так, напрыклад, паездкі Сяргеева паказваюць на тое, што ён пад рэальным імем ездзіў у Пецярбург з чалавекам, чыя машына таксама зарэгістраваная па адрасе штаб-кватэры ГРУ, Харашоўская шаша 76. Прычым правамі на кіраванне гэтага аўтамабіля валодаў іншы ГРУшнік, Уладзімір Майсееў (Папоў), адзін з арганізатараў перавароту ў Чарнагорыі.

Яшчэ адзін спадарожнік Сяргеева (імя не называецца) мінімум 4 разы лётаў на самалёце разам з Эдвардам Шышмаковым (Шырокавым) — другім асноўным удзельнікам перавароту ў Чарнагорыі.

Гэты другі спадарожнік цікавы не толькі сваім знаёмствам з Шышмаковым, але і тым, што рэгулярна лётаў у Краснадар аднымі рэйсамі з наёмнікамі з групы Вагнера. Нагадаем, база ПВК Вагнера знаходзіцца менавіта ў Краснадары, наёмнікам гэтай групы выдавалі замежпашпарты той жа серыі, што і супрацоўнікам ГРУ.

Ідэнтыфікацыя «Фядотава» заняла больш часу, бо, у адрозненне ад выпадку з Пятровым і Башыравым, брытанскія ўлады не публікавалі яго фотаздымак.

Даследчыкам удалося атрымаць спісы пасажыраў рэйсаў, якія выляталі ў Лондан 2 сакавіка 2018 года, і пацвердзіць, што «Фядотаў» прыляцеў у сталіцу Брытаніі за некалькі гадзін да Пятрова і Башырава.

З таго ж спісу пасажыраў удалося атрымаць і дату нараджэння, але яна, як і імя, магла быць выдуманай. Памятаючы пра тое, што ГРУшнік пры атрыманні свайго новага агентурнага імені захоўвае многія дадзеныя аб сабе, журналісты паспрабавалі знайсці чалавека з падобнымі звесткамі і зарэгістраванага па адным з адрасоў, звязаных з ГРУ.

Пасля мноства розных камбінацый удалося знайсці «падазраванага»: па адрасе вул. Народнага Апалчэння, 50 (Ваенная акадэмія, таксама вядомая як «Кансерваторыя ГРУ») быў прапісаны чалавек з той жа датай нараджэння — Дзяніс Вячаслававіч Сяргееў.

Аднак без фатаграфіі высветліць, ці з'яўляюцца Фядотаў і Сяргееў адным і тым жа чалавекам, было справай няпростай. А ўсе дадзеныя з фотаздымкамі (копіі пашпартоў і пасведчанняў кіроўцы) былі выдалены з расійскіх баз звестак.

Следчыя звязаліся са мноствам крыніц у розных краінах, у тым ліку з гатэлямі, дзе спыняўся «Фядотаў», і адна з крыніц прадаставіла The Insider копію фатаграфіі Фядотава з яго замежпашпарта.

Таксама журналістам удалося знайсці кадры з Сяргеевым у дакументальным фільме пра бой за вышыню Аслінае вуха.

На першы погляд на дакументальным відэа і на фатаграфіі розныя людзі. Першапачаткова следчыя палічылі, што пайшлі па ілжывым следзе.

Аднак прафесійная экспертыза, праведзеная прафесарам Хасанам Югейлам з Цэнтра візуальных вылічэнняў Брэдфардскага ўніверсітэта, выявіла, што каэфіцыент супадзення паміж фота — 78%, пры неабходных 70% для аднаго і таго ж чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0