Троіца. Фота Ігара Мацюнова

Троіца. Фота Ігара Мацюнова

Анёламі‑апавяшчальнікамі цуду Божага нараджэння ў гэтым годзе ў сталіцы будуць два легендарныя фальклорныя гурты — этна‑трыа «Тройца» і ансамбль беларускага кантры «Палац».
Абодва вядомыя калектывы дадуць сольныя канцэрты, дзе абяцаюць увесці згаладалага па каляднай містыцы і містэрыі слухача ў атмасферу вясковага свята, вядзьмарства і чарадзейства.

«Тройца» прайшлася па гродзенскіх і брэсцкіх вуліцах, даўшы ў кожным з гарадоў па перадсвяточным канцэрце. Праўда, так і не пакінуўшы за сабой талых снежных слядоў, па якіх можна было б акурат у дзень Раства дабрацца да сталічнага КЗ «Мінск». 25 снежня прад'юсарскі цэнтр «ПАН‑студыя» ладзіць там вялікі сольны вечар этна‑каралёў.

Іван Кірчук — спецыяліст па абрадавай дзейнасці і непапулярным беларускім фальклоры, збіральнік напеваў і элементаў спрадвечнага вясковага быту — разам са сваім гуртом у святы дзень верне гледачоў да спрадвечнага, да традыцыі і каранёў, даўно пахаваных пад стракатымі гірляндамі і бліскучымі падарункамі ад заходняга Санты і савецкіх Снягурачак.

Апроч звыклых гукавых медытацый, дзе цягучы вакал Кірчука пераплятаецца з аб’ёмнымі ўдарамі бубна, звыклым спевам жалейкі, ціхімі перашэптамі, перазвонамі, енкамі, шоргатам, 25 снежня будуць выкананы кампазіцыі з новага і яшчэ не выдадзенага альбому «Жар‑Жар», які мае стаць нязвыкла рокавым.

Ансамбль «Палац» ладзіць двухдзённае зімовае свята Божага нараджэння. 24 снежня, на Куццю,ў канцэртнай зале Тэатру эстрады адбудзецца VIP‑канцэрт гурту,
на які будуць запрошаны вядомыя асобы і прадстаўнікі СМІ. Назаўтра ж «Палац» склікае на канцэрт усіх сваіх сяброў, папулярных музыкаў, а таксама прыхільнікаў, каб адзачыць Каляды разам.

Цэлы шэраг гуртоў, у аснове музыкі якіх ляжыць цнатлівая аўтэнтыка, вырашылі 25 снежня зладзіць супольны карнавальны «Калядны фэст».

У першы дзень Вясёлых Святаў у клубе «Рэактар» збяруцца рэканструктары музычнай традыцыі Вялікага Княства «Стары Ольса», стваральнікі «драйвовай сярэднявечнай музыкі» Litvintroll, паган‑фолк‑бэнд Znich, музычныя рэканструктары сярэднявечнай культуры Testamentum Terrae, этна‑гурт «Рада» і сайд‑праект флейтыскі ды дударкі «Старога Ольсы» — гурт Rosalia.

Па‑за сталіцай святочныя увесяленні не будуць так моцна прывязанымі да народнай культуры і старажытнай традыцыі. У Горках пройдзе грандыёзны і гучны двухдзённы фестываль «Рок‑Каляды». Гэты фэст існуе з 2001 году пад лозунгам «Мы па‑за палітыкай і па‑за грашыма».

25 снежня — конкурсны дзень. Абраны пераможца возме ўдзел у гала‑канцэрце на наступны дзень, яму прэзентуюць 12 гадзінаў запісу ў студыі GS RECORDS і права ўдзельнічаць у фестывалі Mass Medium Fest 2009 у Магілёве.

Магчыма, у знак таго, што ў Беларусі ўсё яшчэ прынята найзычлівейшыя віншаванні і падарункі ў шалёсткай абгортцы дарыць ды атрымліваць у Навагоднюю ноч, беларускія гурты робяць свой святочны падарунак менавіта на Каляды. Яго не пакладзеш пад ялінку, так што трэба паспяшацца і паспець атрымаць усё самае лепшае, што айчынны фолк і рок здолелі зрабіць для нас цягам гэтага доўгага 2008 году.

Адэля Дубавец, naviny.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0