У фінале ўкраінскага адбору песеннага конкурсу Еўрабачанне-2019 перамагла спявачка Ганна Корсун, больш вядомая як MARUV.

MARUV набрала 11 балаў — 5 ад суддзяў і 6 ад гледачоў.

У сваю чаргу суддзі далі максімальную колькасць балаў Freedom Jazz.

Але канчатковае рашэнне — ці паедзе MARUV на «Еўрабачанне» ад Украіны прымуць на працягу двух сутак. Пра гэта паведаміла сябра праўлення Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны Аляксандра Кальцова.

«Цяпер мы павінны зацвердзіць або ўзгадніць пераможцу, які паедзе ад Украіны. І мы, як Грамадскае вяшчанне, прыслухоўваемся да грамадства. У грамадстве цяпер ёсць розныя меркаванні, ці можа выканаўца, які мае канцэртную дзейнасць у Расіі, прадстаўляць Украіну. У нашай дамове ёсць пункт, які нам трэба абмеркаваць з MARUV», — распавяла Кальцова.

На пытанне, ці будзе ў адваротным выпадку Украіну прадстаўляць група Freedom Jazz, якая заняла другое месца ў адборы, Кальцова адказала: «На жаль пакуль што не магу сказаць. Мы хацелі б пачуць ад MARUV адказы, і вядома хацелася б зрабіць дыскурс ва ўкраінскім грамадстве: ці можа артыст, які прадстаўляе Украіну на Еўрабачанні, ездзіць з канцэртамі ў Расію».

На пытанне, ці ёсць канкрэтнае патрабаванне да MARUV аб'явіць пра спыненне канцэртаў у Расіі, Кальцова адказала: «У нас ёсць пункт у дамове, які прадугледжвае пэўныя рашэнні — яны павінны яго прыняць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0