Сёньня ў Берасьцi прайшла сустрэча А.Мiлiнкевiча з дэмакратычным актывам вобласьцi, у якой узялi ўдзел каля 60 чалавек.

Гэта адна з шэрагу заплянаваных рэгiянальных сустрэчаў, мэтай якiх ёсьць падвядзеньне вынiкаў прэзыдэнцкай кампанii, а таксама абмеркаваньне стратэгii пасьлявыбарчай дзейнасьцi. Разам з А.Мiлiнкевiчам Берасьце наведалi жонка лiдэра дэмсiлаў, кiраўнiчка Камiтэту ў абарону рэпрэсаваных «Салiдарнасьць» Іна Кулей i старшыня Партыi БНФ Вiнцук Вячорка.

А.Мiлiнкевiч, распавёўшы прысутным пра цяперашнюю дзейнасьць цэнтральнага штабу, заявiў аб зьяўленьнi ў чэрвенi пляну будучых дзеяньняў, у якiм, сярод астатняга, – збор подпiсаў за адмену кантрактнай сыстэмы, папулярызацыя i пашырэньне кампанii «За свабоду» i руху «Салiдарнасьць».

«Сёньня ў краiне iншы настрой, бо краiна зьмянiлася. [...] Мы адчулi, што можна адстаяць свой гонар. Таму сёньня супэрважна захаваць адзiнства i не губляць часу», – падкрэсьлiў Аляксандар Мiлiнкевiч.

Вiнцук Вячорка адказаў на некалькi актуальных пытаньняў, што датычаць палiтычных плянаў дэмсiлаў: пра мясцовыя выбары, iдэю правядзеньня новага кангрэсу. Было закранута i балючае пытаньне Плошчы: цi можна было зрабiць беларускi Майдан лепш?

Найбольш цiкавiла слухачоў пытаньне пра разьвiцьцё падзеяў у Беларусi ў вынiку падвышэньня Расеяй кошту на газ i магчымага эканамiчнага крызiсу. «Сёньня ёсьць у наяўнасьцi крызiс улады, прыхаваны эканамiчны крызiс. Чакаць яго паглыбленьня амаральна. Аднак аб’яднаныя дэмакратычныя сiлы могуць прапанаваць праграму дзеяньняў, пры дапамозе якiх можна пазьбегнуць крызiсу. А пазьбегнуць яго можна, толькi вызвалiўшы Беларусь, адкрыўшы яе сьвету праз свабодныя, дэмакратычныя выбары», – заявiў В.Вячорка.

Спадарыня Іна Кулей распавяла ўдзельнiкам сходу пра дзейнасьць Камiтэту ў абарону рэпрэсаваных. Яна паабяцала, што нiводзiн чалавек з тых, хто актыўна змагаецца з рэжымам Лукашэнкi i мае праз гэта асабiстыя праблемы – цi то з вучобай, цi то з працай, ці то са здароўем, – ня будзе пакiнуты.

Напрыканцы ўдзельнiкi сходу прынялi рэзалюцыю, у якой, у прыватнасьцi, выказвалася гатоўнасьць працаваць разам, у асноўным захоўваючы структуру i кадравы склад штабоў – выканаўчых камiтэтаў аб’яднаных дэмакратычных сiлаў. Таксама ўдзельнікі сходу заклiкалi ўсе адказныя палiтычныя сiлы i грамадзкiя згуртаваньнi краiны захоўваць i ўмацоўваць адзiнства ў межах аб’яднаных дэмакратычных сiлаў i кампанii «За Свабоду».

Прысутны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0