Вігаўдас Ушацкас і яго беларускі калега Сяргей Мартынаў. Фота Віталя Сямашкі, БелаПАН

Вігаўдас Ушацкас і яго беларускі калега Сяргей Мартынаў.
Фота Віталя Сямашкі, БелаПАН

«Еўрасаюз чакае ад Беларусі крокаў па пабудове адкрытага грамадства, і мы спадзяемся, што такія крокі будуць зробленыя», — заявіў міністр замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас,
адказваючы 29 снежня ў Мінску на пытанні журналістаў па выніках перамоў са сваім беларускім калегам Сяргеем Мартынавым і кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем.

«Мы абмяркоўвалі з міністрам Мартынавым і спадаром Макеем будучыню нашых адносінаў у адзінай Еўропе, — сказаў літоўскі міністр. — Мы зацікаўленыя і вітаем крокі па інтэнсіфікацыі адносінаў Беларусі і Еўрасаюза, а таксама зацікаўленыя ў канструктыўным дыялогу паміж Беларуссю і Літвой».

Паводле яго слоў, Літва вітае крокі, якія робіць беларускі ўрад для таго, каб Беларусь стала ўдзельніцай ініцыятывы «Ўсходняе партнёрства».

«Дэмакратызацыя — адна з умоваў Усходняга партнёрства. Мы сочым за крокамі, якія ўжо зроблены беларускім бокам», — сказаў літоўскі міністр. У якасці прыкладу ён назваў рэгістрацыю грамадскага руху «За Свабоду», а таксама вяртанне ў падпісныя каталогі газет «Народная воля» і «Наша Ніва».

У сваю чаргу, С.Мартынаў зазначыў, што Беларусь «займае станоўчую пазіцыю» адносна Ўсходняга партнёрства. «У працэсе яе распрацоўкі яе асноўныя ініцыятары кансультаваліся з Беларуссю, — сказаў С.Мартынаў. — Неабходна дачакацца, пакуль гэтая ініцыятыва будзе прынятая канчаткова. Наша канчатковая ацэнка і магчымасць удзелу ў ёй будзе залежаць ад таго, у якім выглядзе ініцыятыва будзе прынятая».

В.Ушацкас запрасіў С.Мартынава наведаць Літву з афіцыйным візітам ў наступным годзе.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0