— Як доўга чакаць падаўжэння першых дзвюх ліній?
— Схемай развіцця Мінскага метрапалітэна вызначаны станцыі, якія дапоўняць Маскоўскую і Аўтазаводскую лініі. Гэта «Смаленская», «Шабаны» і «Чырвоны бор». Тэрміны іх узвядзення больш аддаленыя. Найлепшыя шанцы, па-мойму, у апошняй з іх, дзе імкліва растуць новыя мікрараёны. А станцыя «Каменная Горка», якая знаходзіцца перад ёй, сёння ўжо мае самы напружаны пасажырапаток у сталічным метро.
З абслугоўваннем жылога раёна Шабаны пакуль цалкам спраўляюцца аўтобусы «Мінсктранса». Да таго ж у гэтым напрамку вельмі складаная схема праходкі падземкі. Метрабудаўнікам трэба будзе ўрэзацца ў станцыю «Магілёўская» і прайсці пад дзейнай лініяй аднайменнага электрадэпо. Пэўныя складанасці прасочваюцца і з ўзвядзеннем станцыі «Смаленская». У гэтым раёне размешчаны спартыўна-стралковы комплекс імя маршала Цімашэнкі, а найбліжэйшы жылы сектар будаваўся без уліку схемы развіцця метрапалітэна. Адзначу таксама, што раней у схеме значылася яшчэ адна станцыя — «Шчомысліца», якая павінна была падводзіць да Нацыянальнага футбольнага стадыёна і Нацыянальнага выставачнага цэнтра. Але гэты праект, як вядома, памёр.