Гісторыя пра маладых гродзенцаў з дубінкамі, якія патрулявалі вуліцы Гродна 23 лютага, выклікала абурэнне ў сацыяльных сетках. Многіх цікавіла, чаму падлеткі выходзяць у цэнтр горада са спецсродкамі. Сітуацыю пракаментавалі першы сакратар Гродзенскага абкама ГА БРСМ Павел Мархалюк і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч, піша Hrodna.life.

Пры сустрэчы маладыя гродзенцы прадставіліся журналісту Hrodna.life байцамі МААП. Распавялі, што дапамагаюць міліцыі. На хлопцах былі камуфляжныя штаны, дубінкі, бэйджы з пасведчаннямі і адна камера на дваіх. Абрэвіятура МААП расшыфроўваецца як Моладзевы атрад аховы правапарадку.

Першы сакратар Гродзенскага абкама ГА БРСМ Павел Мархалюк распавёў Hrodna.life, што дзейнасць усіх атрадаў МААП (уваходзіць у структуру БРСМ) у горадзе рэгламентавана дакументамі, згодна з нарматыўна-прававой базай. Хлопцы, якія выйшлі ў цэнтр Гродна 23 лютага з дубінкамі праявілі ўласную ініцыятыву.

«Хлопцы з дубінкамі не павінны хадзіць па горадзе, іх ім не выдаюць, гэта была асабістая ініцыятыва, — распавядае Павел Мархалюк. — Маладыя хлопцы не да канца зразумелі, як правільна выказаць свой удзел у атрадах аховы правапарадку. Будзем працаваць з імі і ўсё старанна тлумачыць».

Раніцай 25 лютага з падлеткамі ўжо была праведзеная размова. У будучыні з усімі актывістамі будзе праводзіцца дадатковы інструктаж: што можна рабіць на дзяжурстве, а чаго нельга.

«Хлопцаў, якія праявілі сваю ініцыятыву, ніхто караць не будзе. Дзесьці з імі недапрацавалі па тлумачэнні дзейнасці атрада аховы правапарадку. З аднаго боку, гэта можа быць і добра, што яны выходзяць на вуліцу і праяўляюць свой грамадзянскі абавязак у такой форме, але ініцыятыва павінна быць правільная».

Гродзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч лічыць, што нашэнне дубінак і іх прымяненне прадстаўнікамі МААП незаконна.

«Па-першае, трэба высветліць, што гэта за структура МААП. Як я разумею, хутчэй за ўсё юрыдычна яна не зарэгістраваная, а значыць незаконная. Гумовыя дубінкі гэта спецсродкі, іх ужыванне рэгулюе артыкул 28 Закона Аб органах Унутраных Спраў і артыкул 20 Закона Аб унутраных войсках. Ніякага дачынення БРСМ, як грамадская арганізацыя, якая стварыла гэтыя МААП, да органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў не мае. Таму нашэнне такіх дручкоў і тым больш іх ужыванне незаконна.

Пракуратура горада па факце такога патрулявання павінна пачаць праверку», — падзяліўся меркаваннем праваабаронца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?