Віляйчанка Тэрэза П. у пачатку лютага прыйшла на майстар-клас па масажы, а вярнулася дамоў з крэдытам на чатыры тысячы чатырыста рублёў. Пры гэтым сама не зразумела, як так атрымалася.

А пачалося ўсё з таго, што жанчыне патэлефанавалі на дамашні тэлефон. Прыемны голас спытаў, ці ўвахо­дзіць яна ў катэгорыю 37+ і ці мае праблемы з пазваночнікам. Пачуўшы станоўчыя адказы, добразычлівец запрасіў жанчыну на майстар-клас па масажы ў выставачную залу імя Сілівановіча, што ў Вілейцы. Хутка пасля тэлефоннай размовы жанчына атрымала запрашэнне.

— Мама ішла на майстар-клас, а трапіла на рэкламную прэзентацыю так званых вібранакідак — прыстасаванняў, якія кладуцца на крэсла і робяць масаж, — расказвае Юры, сын Тэрэзы.

У канцы прэзентацыі атрымалася так, што Тэрэза П. быццам бы выйграла падарункі — коўдру і падушкі. Вядучыя жанчыну павіншавалі, здзівіліся, як ёй так пашанцавала. А пасля растлумачылі, што падарункі адда­дуць толькі пры ўмове, што жанчына набудзе масажную накідку з цудадзейнымі тэрапеўтычнымі якасцямі.

— Маці — жанчына разумная. Шмат гадоў працуе ў краме. Але пачала афармляць дакументы. Ёй паказвалі, дзе падпісаць, і ўвесь час прыспешвалі: маўляў, ужо вечар, нам трэба ад’язджаць, — расказвае Юры.

Аказалася, што жанчына падпісала крэдытную дамову на чатыры тысячы чатырыста рублёў.

Юры не разумее, як гэта маглі зрабіць. Заробак жа ў маці — трыста рублёў. А пра яго памер банк нават не пытаўся.

У сям’і палічылі, што такія грошы з заробкам у трыста рублёў маці не выплаціць. Пачалі думаць, як скасаваць дамову. Больш за тое, праз некалькі дзён пасля выкарыстання пакупкі ў жанчыны значна пагоршылася здароўе. Яна звярнулася ў паліклініку, што пацвярджае даведка. Аказалася, цудадзейная накідка мае шмат супраць­паказанняў. І Тэрэзе са сваімі захворваннямі такім прыстасаваннем карыстацца забаронена, пра што ў даведцы ёсць запіс.

Кансультант з «Базіса поспеху»: Трэба было лепш думаць перад пакупкай

Пра тое, што на працягу 14 дзён набыты тавар можна вярнуць, кажа Закон аб абароне правоў спажыўцоў ад 20 снежня 2001 года. Сям’я стала тэлефанаваць у фірму «Базіс поспеху», якая ладзіла той майстар-клас у Вілейцы. Трубку вельмі доўга не здымалі. Калі ж атрымалася датэлефанавацца і расказаць пра бяду, пачулі адказ:

— Я так разумею, хтосьці з вашых блізкіх набыў накідку? На пытанне пра супрацьпаказанні адказаць не магу. Я не медык. А вярнуць накідку ў вас не атрымаецца, бо гэта тавар медыцынскага прызначэння. Трэба было лепш думаць перад пакупкай.

Аналагічны адказ атрымалі падчас асабістай сустрэчы з прадстаўнікамі фірмы. Сям’я напісала прэтэнзіі ў пракуратуры Вілейскага раёна і Мінскай вобласці, у фірму «Базіс поспеху». Цяпер чакаюць адказаў.

Юры ўжо знайшоў людзей, якія пацярпелі ад гэтай фірмы. Некаторыя пагадзіліся напісаць агульную скаргу, некаторыя — не, кажуць: самі вінаватыя, раз падпісалі крэдытную дамову. Цікава, што ў Вілейцы фірма працавала пад назвай «Базіс поспеху», у іншых гарадах — «Каралева-сіці», або «Аляўціна плюс».

— Са сваёй праблемай мы будзем разбірацца самі, — кажа Юры. — Але вельмі не хацелася б, каб у такія сітуацыі траплялі іншыя сталыя людзі. Калі мы прыязджалі ў тую фірму разбірацца, на стале я бачыў вялізны стос такіх запрашэнняў, якія атрымала маці. Гэта ж столькі патэнцыйна падманутых людзей!

Старшыня Беларускага таварыства аховы спажыўцоў Ганна Суша сказала, што падобныя звароты ў іх службу вельмі частыя.

— Такая практыка называецца прамымі продажамі. Людзей запрашаюць на прэзентацыю і адразу там прадаюць нейкі тавар. Атрымліваецца, самі прыйшлі, самі падпісалі… Канешне, шкода людзей. Але ж хто ж тут вінаваты?

Па словах Ганны Сушы, магчымасць вяртання залежыць ад тавараў. Калі гэта посуд або нявыкарыстаныя коўдры і падушкі, вярнуць тавар можна. Адзі­нае, такія тавары трэба вяртаць або падчас іншай прэзентацыі гэтага прадаўца ў вашым ці бліжэйшым горадзе, або самастойна везці на фірму. Перад гэтым трэба даць на адрас арганізацыі тэлеграму, што тавар не падыходзіць і вы б хацелі скасаваць дамову. Не варта адпраўляць тавар па пошце. Па словах Ганны Уладзіміраўны, у Гродне паштовыя аддзяленні проста заваленыя вернутымі таварамі, але іх ніхто не забірае.

У таварыстве абароны спажыўцоў нам растлумачылі, што масажную вібранакідку вярнуць увогуле нельга, бо гэта складанае тэхнічнае прыстасаванне.

Падчас такіх прэзентацый спецыяліст раіць патэнцыйным пакупнікам абавязкова раіцца з роднымі па мабільным тэлефоне. Але вядомыя ўжо і такія выпадкі, калі на падобных прэзентацыях тэлефоны могуць папрасіць адключыць.

Ва ўпраўленні Следчага камітэта нам паведамілі, што падобныя справы тут пакуль не разглядалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?