Старшыня Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны Зураб Аласанія заявіў, што пераможца нацыянальнага адбору на Еўрабачанне спявачка MARUV адмовілася падпісваць кантракт з «Суспільним».
«Працяглыя і знясільваючыя перамовы (пяць з паловай гадзін) паміж «Суспільним» і камандай выканаўцы MARUV прынеслі наступны вынік: бакі да згоды не прыйшлі, пагадненне падпісана не будзе», — заявіў ён.
Адной з умоў кантракта была адмова для спявачкі ад гастролей у Расіі.
Аднак сама спявачка сцвярджае, што адсутнасць дамоўленасці не звязана з гэтым пытаннем.
«Як раней я казала, адмова ад канцэртаў у Расіі не была для нас прынцыповай. Асноўныя рознагалоссі выклікалі іншыя пункты дагавора, якія, калі я падпішу, становяцца для мяне кабальнымі. Я — грамадзянка Украіны, плачу падаткі і шчыра люблю Украіну. Але не гатовая выступаць з лозунгамі, ператвараючы сваё знаходжанне на конкурсе ў прома-акцыі нашых палітыкаў. Я — музыкант, а не біта на палітычнай арэне», — напісала выканаўца.
Такім чынам, рашэнне, хто будзе прадстаўляць Украіну на Еўрабачанні, пакуль што не прынята.
Нагадаем, у фінале ўкраінскага адбору песеннага конкурсу Еўрабачанне-2019 перамагла спявачка Ганна Корсун, больш вядомая як MARUV.
MARUV набрала 11 балаў — 5 ад суддзяў і 6 ад гледачоў.
У сваю чаргу суддзі далі максімальную колькасць балаў Freedom Jazz.