Генэральны дырэктар Нацыянальнага алімпійскага стадыёну «Дынама» Васіль Аляксеенка патлумачыў адмову ў правядзеньні сьвяточнага канцэрту на Дзень Волі #БНР101 неабходнасьцю аднаўляць газон, піша «Радыё Свабода».

Пасьля зімовага пэрыяду гэты працэс «займае да паўтара месяца».

Паводле Аляксеенкі, дата правядзеньня сьвяточнага канцэрту на Дзень Волі і тэрміны пастаўкі і тэставаньня пакрыцьця футбольнага газону супадаюць.

«Абмежаваньні стадыёну «Дынама» як арэны для арганізацыі правядзеньня канцэртаў, фэстываляў, парадаў абумоўленыя наяўнасьцю і ступеньню завершанасьці тэставаньня ахоўнага пакрыцьця футбольнага газону. Пасьля зімовага пэрыяду аднаўленьне газону займае да паўтара месяца», — гаворыцца ў афіцыйным адказе, які атрымала Радыё Свабода ад адміністрацыі стадыёна.

Паводле гендырэктара, цяпер на стадыёне няма пакрыцьця травянога газону і лёгкаатлетычных дарожак.

«У зьвязку з гэтым праводзіцца працэдура закупкі пакрыцьця, якое і дазволіць у далейшым у поўнай меры эксплюатаваць стадыён».

Стадыён «Дынама», піша Васіль Аляксеенка, будзе гатовы да правядзеньня мерапрыемстваў «не раней за красавік пры ўмове своечасовай пастаўкі ахоўнага пакрыцьця і яго абавязковага тэставаньня».

Раней адміністрацыя стадыёну «Дынама» адмовіла арганізатарам сьвяточнага канцэрту на Дзень Волі, спаслаўшыся на Эўрапейскія гульні.

Грамадзкая кампанія #БНР101 падавала заяўку ў Менгарвыканкам на сьвяточны канцэрт на «Дынама» 24 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?