У судзе Маскоўскага раёна Брэста абвясцілі прысуд у дачыненні да 32-гадовай мясцовай жыхаркі, якая збірала грошы на лячэнне нібыта хворага дзіцяці.

Некалькі гадоў таму жанчына адкрыла ў адным з банкаў дабрачынныя рахункі ў беларускіх рублях і валюце для збору сродкаў на лячэнне яе малалетняга сына. Яна звярталася да кіраўнікоў і работнікаў розных прадпрыемстваў і фірм з просьбай дапамагчы ў зборы грошай. У лістах жанчына паведамляла загадзя ілжывыя звесткі пра стан здароўя дзіцяці і пра неабходнасць правядзення яму тэрміновай дарагой аперацыі на сэрцы ў нямецкім Гамбургу. У пацверджанне сваіх слоў яна падавала копіі фальшывых медыцынскіх дакументаў, эпікрыз і даведак. Пры гэтым хлопчык быў абсалютна здаровы і ні ў якой медыцынскай дапамозе не меў патрэбы.

Усяго брэстаўчанка зняла з дабрачынных рахункаў больш за 14 тысяч рублёў. Грошы яна марнавала на асабістыя патрэбы. Пацярпелымі па справе праходзяць каля 400 чалавек.

Суд прызнаў жанчыну вінаватай у завалоданні маёмасцю шляхам падману (махлярстве), паўторна. Ёй прызначана пакаранне ў выглядзе 4 гадоў калоніі з канфіскацыяй усёй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0