24 лютага ў «Белай зале» Палаца культуры Магілёўскай вобласці сабралася 120 чалавек, каб праверыць свае веды па беларускай мове і адчуць еднасць паплечнікаў і сяброў у Дзень роднай мовы.

Тэкст чытаў настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алесь Цітоў.

У магілёўцаў існуе такая традыцыя, што мы абіраем для напісання творы нашых выбітных землякоў: летась быў Максім Гарэцкі, два гады таму Міхась Стральцоў. У гэтым годзе 85-годдзе Народнага пісьменніка Івана Чыгрынава, і таму прагучалі словы з яго апавядання «Шчаслівае месца».

Пасля дыктоўкі ўсе ахвотныя перайшлі ў кіназалу, дзе пабачылі спектакль «Старажытная гравюра» рэжысёра Алы Кусковай і пачулі некалькі выступаў шкаляроў. Арцём Новікаў прачытаў верш Якуба Коласа «Адлёт жураўлёў».

Ад гарадскога літаратурнага клуба «Святліца», кіруе якім паэтка Тамара Аўсянікава, было два выступоўцы: Ната Драздова прачытала ўласныя вершы, а Мілада Паўлава прачытала верш Яўгеніі Янішчыц «Непрыручаная птушка». Напрыканцы свята прагучала песня «Родны мой горад» у выкананні вучняў СШ № 34 пад кіраўніцтвам настаўніцы Вольгі Шыцкаравай. Усе выступоўцы атрымалі смачныя падарункі ад кампаніі cukerki.by.

І яшчэ была адна вельмі прыгожая рэч, якая аздобіла памяшканне на час дыктоўкі. Рэч у тым, што летась жаночы клуб «Яселка» падаравала нашай арганізацыі пано пад назвай «Салют перамогі». Пано было зроблена некалькі год таму да свята горада Магілёва і мае памеры немалыя — 10 метраў удоўжкі і два метры з гакам у вышыню.

Вельмі дзякуем адміністрацыі і супрацоўнікам Палаца культуры вобласці і актыву ТБМ імя Ф.Скарыны Магілёва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?