Чытач «Нашай Нівы» паскардзіўся на стан асфальту на вуліцы ў Ждановічах.

Чытайце: Гэта не Якуція і не Луганск. Гэта вуліца ў Ждановічах, якая вядзе да школы-інтэрната ФОТЫ

Як вырашыць гэтую праблему? Актывіст Антон Матолька прапанаваў алгарытм дзеянняў.

«Ёсць даволі дакладны алгарытм, што трэба рабіць. І адказ «няма грошай» — гэта не адказ, гэта парушэнне заканадаўства «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў» (артыкул 14 і 18) (падрабязней — з узору звароту ў пракуратуру за адказ не па сутнасці / не на ўсе пытанні).

1. Напісаць зварот (лепш калектыўны праз petitions.by) у райвыканкам (у дадзеным выпадку — Мінскага раёна), з патрабаваннем:

а) адрамантаваць праезную частку ў адпаведнасці з дзейнымі нормамі, адрамантаваць ямы, аднавіць асвятленне, дзе не працуе;

б) распрацаваць ПКД (праектна-каштарысную дакументацыю) і абсталяваць тратуары для руху пешаходаў;

в) паколькі і на тое, і на тое грошай не будзе — выдзеліць фінансаванне для правядзення дадзеных работ.

2. Далей. Ёсць даволі просты артыкул у Адміністрацыйным кодэксе Беларусі: артыкул 18.38 КаАП — Парушэнне правілаў утрымання дарог, вуліц, чыгуначных пераездаў і іншых дарожных збудаванняў.

«Парушэнне правілаў утрымання дарог, вуліц, чыгуначных пераездаў, тэхнічных сродкаў арганізацыі дарожнага руху і іншых дарожных збудаванняў у бяспечным для руху стане або непрыманне мер для своечасовай забароны або абмежавання руху асобай, адказнай за іх стан, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 4 да 20 базавых велічынь».

Памеры дэфектаў, згодна з СТБ 1291-2016, не павінны перавышаць:

- 5 см па глыбіні,
- 0,09 квадратных метра па плошчы (30 х 30 см),
- адхіленне вечка люка ад узроўню пакрыцця не большае за 2 см,
- ліўневыя сцёкі па краі праезнай часткі не вышэйшыя за 1 см і не ніжэйшыя чым на 3 см.

Вось гэтыя веды вельмі дапамагаюць з рашэннем лакальных праблем, звязаных са станам дарог у любым рэгіёне. Пажадана як мага больш канкрэтызаваць праблему (не ўсюды вуліцы дрэнныя, а на канкрэтным участку канкрэтнай вуліцы).

3. Дасылаць часцей за ўсё трэба электронным зваротам / петыцыяй на petitions.by у райвыканкам і ў ДАІ (УУС вобласці). ДАІ выдасць «прадпісанні» выканкаму, каб тыя ў найбліжэйшы час паправілі дарогу.

Калі ёсць пытанні — пішыце ў чат у тэлеграме або карыстайцеся інструкцыямі па спасылцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0