28.02.2019 / 10:43

Паслухайце магічны спеў жанчыны, народжанай за тры гады да з'яўлення БНР — АЎДЫЯ 4

Аранжыроўку песні Соф’і Дзяркач зрабіў яе ўнук.

У 2005 годзе Соф’я Дзяркач заспявала ўласную песню ў эфіры Беларускага радыё. Народжаная за тры гады да абвяшчэння БНР, на сваё 90-годдзе яна выступала ўжо на радыё незалежнай Беларусі.

«Дзякуючы таму эфіру я зразумеў, што бабуля ўсё жыццё была творцам, самародкам з вёскі, але гэта неяк прайшло міма мяне,» — кажа яе ўнук Андрэй Дзяркач.

«Памятаю, аднойчы, калі я чарговым летам у вёсцы намагаўся стварыць на гітары свой першы блюз, яна прасіла мяне што-небудзь цікавае сыграць, але я так ніколі і не зрабіў гэтага для яе.

І саромеўся, і быў упэўнены, што яна не зразумее…»

Шкадуючы, што так і не насмеліўся заспяваць разам з бабуляй, Андрэй (ён працуе на «Голасе Амерыкі» ў Вашынгтоне), вырашыў зрабіць аранжыроўку яе спеву. Вынік заварожвае — толькі паслухайце:

Андрэй кажа, што даўно займаецца музыкай — піша песні, робіць аранжыроўкі на беларускія народныя спевы — але толькі зараз набраўся мужнасці выкласці творы ў сеціве.

«Беларускую музычную культуру лічу адной з найбагацейшых і найстаражытнейшых у свеце, недаацэненай — перадусім самімі беларусамі».

«Я кажу не пра калгасныя савецкія спевы, якія выдаваліся за беларускі фальклор, а пра песні, якія існавалі ў нас стагоддзямі, можа, і тысячагоддзямі, — кажа Андрэй. — Яны настолькі містычныя, сімвалічныя, яны грунтуюцца шмат у чым на паганскіх традыцыях нашых продкаў (ці на сімбіёзе паганства і хрысціянства — як і нашы традыцыйныя святы). Слухаць іх і намагацца зразумець — гэта як шукаць ключ ад дзвярэй, адчыніўшы якія мы ўрэшце знойдзем сябе».

«Кожная не забытая, ушанаваная песня — гэта спроба папрасіць прабачэння ў нашых продкаў за тое, што не абаранілі іх спадчыну, забыліся на яе».

«Сваёй аранжыроўкай я таксама прашу прабачэння — толькі асабіста ў маёй бабулі».

Песню таксама можна паслухаць на SoundCloud. За творчасцю Андрэя можна сачыць на яго старонцы ў Facebook.

3
Брыдкая пачвара / Адказаць
28.02.2019 / 13:35
Добры , цудоўны спеў. Толькі ӯ нас новае годазлічэнне,ад з'яулення БНР?
1
Закон бумеранга / Адказаць
28.02.2019 / 15:24
Толькі ӯ нас новае годазлічэнне,ад з'яулення БНР?
------------------------------------------------------
Гэта было б цудоўна!))

https://nn.by/?c=ar&i=226071&lang=ru
0
Вольга Фальга / Адказаць
28.02.2019 / 19:04
Чароўна
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру