Уявім сітуацыю: вы набываеце сабе дадому новы халадзільнік. Вы ведаеце лічбу, колькі стары халадзільнік расходваў кілават-гадзін на год. З новым вы зможаце зэканоміць, скажам, 200 кілават-гадзін на год. Але і каштуе ён трошку даражэй, чым папярэдні. Простымі матэматычнымі вылічэннямі можна атрымаць тэрмін, праз які вы пачнеце атрымліваць выгады ад нібыта больш дарагой пакупкі.

Фота EU4Energy.

Фота EU4Energy.

А цяпер уявім сабе падобную сітуацыю, але з праекцыяй на ўсю краіну. Што, калі ўсе нашы муніцыпальныя ўстановы, як бальніцы, школы, гарвыканкамы і іншыя, могуць працаваць куды больш энергаэфектыўна, чым зараз. А самае галоўнае, што можна скарыстаць досвед і памылкі іншых дзяржаваў у гэтым кірункі.

Напрыканцы студзеня ў Мінску адбыўся семінар на тэму распрацоўкі заканадаўчай базы для Беларусі для развіцця паслугаў энергасэрвісу. У Беларусь прыязджалі эксперты Энергетычнай Хартыі. Яны прывезлі першыя накідкі падобнага заканадаўства для Беларусі. Калі наш бок пагодзіцца, то бакі пачнуць сумесную працу па адаптацыі нашых законаў.

Удзел у семінары прымалі чыноўнікі, якія працуюць у энергетычным блоку краіны. У прыватнасці, адкрываў мерапрыемства дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Рэспублікі Беларусь Міхаіл Малашанка. Вяла трэнінг менеджэр праекта EU4Energy Бяляна Чабанава. Таксама прыехаў шэраг экспертаў з розных краін: Тамара Бабаян (Арменія), Ігар Гаравых (Украіна), Нікалаэ Захарыя (Малдова), Міраслаў Марада (Чэхія).

Семінар адбыўся ў рамках праграмы EU4Energy. Гэта праграма Еўрасаюза, якая дапамагае краінам Усходняга партнёрства, а таксама Сярэдняй Азіі ў пытаннях паляпшэння статыстыкі ў сферы энергетыкі і кіравання дадзенымі.

«Праграма EU4Energy мае некалькі кампанентаў, у тым ліку рэгіянальны. Для Беларусі вялікай карысцю будзе тое, што краіна ў рамках праграмы паляпшае адносіны з Еўрасаюзам, мае магчымасць абмяняцца досведам у энергетычнай сферы. Можна пабачыць, якія памылкі не зрабіць. Мы прапануем Міністэрству энергетыкі і Дэпартаменту па энергеэфектыўнасці прымяніць найлепшыя энергетычныя практыкі Еўропы — у гэтым і ёсць наша галоўная мэта», — расказвае Бялана Чабанава, менеджар Программы EU4Energy ў рамках Энергетычнай Хартыі.

Міжнародныя эксперты лічаць, што Беларусь ужо падрыхтаваная для таго, каб прымяніць рыначныя прынцыпы ў галіне энергетыкі, але для гэта ўсё яшчэ неабходна паляпшаць умовы рынка. «У Беларусі вялікі дзяржаўны кантроль, каб была канкурэнцыя на рынку электраэнергетыкі, гэты кантроль трэба аслабіць. Было шмат размоваў з прадстаўнікамі Мінэрга, спадзяюся, што мы знайшлі канкрэтныя рашэнні, як гэта ўсё можна прымяніць», — працягвае Бяляна.

З якімі праблемамі сустрэліся спецыялісты ў Беларусі? У першую чаргу гэта адсутнасць заканадаўства, якое рэгулявала б дзейнасць ЭСКА. Эксперты Энергетычнай хартыі і EU4Energy гатовыя распрацаваць прававую базу па паслугах энергасэрвісу. Яшчэ адной праблемай з'яўляюцца субсідаваныя цэны на энерганосьбіты для насельніцтва, гэта зніжае прывабнасць мер энергазберажэння. Эксперты прапануюць паступовае зніжэнне ўзроўню субсідый, але замест гэтага павышэнне ўзроўню камфорту ў будынках. Ну і вельмі важная праблема - гэта банальная адсутнасць цікавасці і матывацыі ў спажыўцоў энергіі. Як змагацца з гэтым? Правядзеннем кампаній па павышэнню інфармаванасці людзей і арганізацый. Калі сцэнар, які прапануюць беларускім уладам, будзе запушчаны, то на правядзенне ўсіх рэформаў будзе трэба мінімум 7 гадоў.

На семінар у Мінск прыляцелі прадстаўнікі з Чэхіі, Украіны, Малдовы і Арменіі. Гэта ўсё зроблена для таго, каб беларускія спецыялісты змаглі разгледзець пытанне з самых розных бакоў. Калі пра свой паспяховы досвед расказваюць чэхі, то гэта не значыць, што тое самае адзін у адзін прымяняльна і да Беларусі.

Фота EU4Energy.

Фота EU4Energy.

Важным пунктам з’яўляецца падрыхтоўка глебы для працы ў Беларусі энергасэрвісных кантрактаў (ЭСКА) і кампаній. «Калі муніцыпалітэт хоча прымяняць меры энергеэфектыўнасці ў школах, а ў іх няма грошай, то прыходзіць энергасэрвісная кампанія, якая гарантуе, што пасля прымянення мерапрыемстваў энергаэфектыўнасці будзе дасягнутая эканомія, скажам, 1000 рублёў у месяц. І яна дамаўляецца, што муніцыпалітэт цягам некалькіх наступных гадоў будзе выплочваць зэканомленую суму па праграме ЭСКА», — тлумачыць Бялана Чабанава. Зусім не абавязкова, што гэта будуць тыя самыя 1000 рублёў. Гэта можа быць і 800, а 200 рублёў будуць заставацца школе, каб яна адразу адчула перавагу эканоміі.

Спецыялісты кажуць, што падобныя энергасэрвісныя кантракты могуць заключацца і з дзяржавай. Але ў такіх выпадках павінна быць яснае рамачнае пагадненне, каб усе ўдзельнікі ясна разумелі свае ролі. Еўрасаюз гатовы аказваць дапамогу, у тым ліку і Беларусі, і рамках пагадненняў ЭСКА.

«Усё гэта накіравана на паляпшэнне эканомікі краіны, стварэнне новых працоўных месцаў, павышэнне канкурэнтаздольнасці. Усё гэта ўплывае і на жыццё звычайных людзей», — гаворыць Бяляна Чабанава.

Малдаўскі эксперт Мікалай Захарыя кажа поспехі ў дадзенай справе — гэта нажыўное. І ўжо можна лічыць поспехам, што яны могуць прадстаўляць свае праекты ў Мінску.

«Мы тут, каб паказаць, дзе можна зрэзаць вугал, сэканоміць, сыходзячы з досведу іншых краін. Дзяржаўных грошай ніколі не хопіць на энергаэфектыўнасць усіх будынкаў. Таму так важныя розныя мадэлі фінансавання. ЭСКА з’яўляецца альтэрнатывай прамога фінансавання ўладаў. Гэта свядомае ўкладванне. Не проста прыйшоў падрадчык, які наляпіў пенапласт і ніхто не ведае, колькі дасягнута эканоміі. Ты плаціш ЭСКА толькі ў тым выпадку калі эканомія дасягнутая, але і самі бераце на сябе акрэсленыя абавязкі», — тлумачыць спадар Захарыя.

Магчыма, праекты ў рамках ЭСКА на першы погляд выглядаюць і больш дарагімі за прамыя пакупкі энергіі, але ўзгадайце прыклад з халадзільнікам, ужо праз некалькі гадоў (з кожным аб’ектам працуе па-рознаму) гэта акупіцца і прынясе эканомію. Не абавязкова пачынаць укараняць новыя тэхналогіі энергаэфектыўнасці адразу па ўсёй краіне. Для пачатку можна эксперыментальна праверыць адзін раён ці квартал, а ўжо потым зрабіць высновы.

«Мы не для таго тут, каб проста прадставіць праект, які б пасля пыліўся па паліцах. Мы для таго, каб навучыць і чыноўнікаў, і простых людзей працаваць з гэтым», — кажа Бяляна Чабанава.

Цяпер эксперты Энергетычнай Хартыі найперш чакаюць водгуку з боку беларускіх уладаў, а ўжо пасля гэтага яны гатовы пераходзіць да канкрэнай працы.

Гэты артыкул падрыхтавана пры садзейнічанні Еўрапейскага саюза ў рамках ініцыятывы EU4Energy. Яе змест з'яўляецца выключна адказнасцю аўтара і ніякім чынам не адлюстроўвае пункт гледжання Еўрапейскага саюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?