28.12.2008 / 01:26

ХХ стагоддзе ў ХХІ-м 18

У вытоках канфлікту паміж Ізраілем і палестынцамі ляжыць статус палестынцаў на іх уласнай зямлі. Палітыкі мусяць звыкнуцца, што этнічныя чысткі больш не ёсць прымальным метадам рашэння палітычных праблемаў. Піша на arche.by Рашэд Чоўдхуры.

У вытоках канфлікту паміж Ізраілем і палестынцамі ляжыць статус палестынцаў на іхняй уласнай зямлі. Палітыкі мусяць звыкнуцца, што этнічныя чысткі больш ня ёсьць прымальным мэтадам рашэньня палітычных праблемаў. Піша на arche.by Рашэд Чоўдхуры.

У 1880 г. у Палестыне, якая ў той час была часткаю Асманскай імпэрыі, жылі 600 тыс. арабаў‑мусульманаў і хрысьціянаў. Габрэйскае насельніцтва Палестыны тады складала 30 тыс. чалавек. Лёгка зразумець, чаму ў 1897 г. падчас наведваньня Палестыны два венскія рабіны даслалі дамоў паведамленьне, што «нявеста прыгожая, але замужам за іншым чалавекам». Рабіны зразумелі, што як бы яны ні прагнулі пабудаваць сабе новы дом у Палестыне, тая зямля ўжо належала іншаму народу – палестынскім арабам.

Вядома, гэта не спыніла сіянізм. Эўрапейскія габрэі працягвалі эміграваць у асманскую Палестыну.

Пасьля вайны пытаньне будучага ўладкаваньня Палестыны было перададзена ў кампэтэнцыю ААН, якая ў 1947 г. пастанавіла падзяліць падмандатную Палестыну на дзьве незалежныя дзяржавы: габрэйскую й арабскую. Будучай габрэйскай дзяржаве было выдзелена 55% тэрыторыі Палестыны, дарма што ў той час арабаў у Палестыне было удвая болей,чым габрэяў. Для міжнароднай супольнасьці заснаваньне Ізраілю было вельмі зручным спосабам выкупіць віну за Халакост.

Для палестынцаў ж гэта значыла страту большай паловы сваёй зямлі. Яны адхілілі плян падзелу Палестыны, і ім на дапамогу прыйшлі слабыя, блага ўзброеныя арміі суседніх арабскіх дзяржаў.

У ходзе вайны 700 тыс. палестынцаў былі выгнаныя са сваіх дамоў, і Ізраіль атрымаў не 55%, а 78% тэрыторыі былой падмандатнай Палестыны.

Ізраільская гістарыяграфія доўга настойвала, што гэтыя 700 тыс. палестынцаў самі пастанавілі зьехаць з Ізраілю. Магчыма, у нейкіх выпадках так яно й было. Але нашмат больш палестынцаў былі выгнаныя сілком. Паводле г.зв. ізраільскіх «новых гісторыкаў» (Сімха Флапан, Бэні Морыс, Ілан Папэ й Аві Шлаім), этнічныя чысткі палестынскіх гарадоў і вёсак праводзіліся ізраільскай арміяй згодна з плянам «Д» яе камандаваньня.

Ізраільскія ўлады на гэтым не спыніліся. У 1949 г. Давід Бен‑Гурыён заснаваў камітэт, каб перайменаваць на іўрыт «усе геаграфічныя назвы [у пустыні Нэгеў]: горы, даліны, крыніцы, дарогі і г.д.» Як ён выказаўся, «Мы павінны выкараніць арабскія назвы зыходзячы з клопату аб дзяржаве. Так жа, як мы не прызнаем палітычнай улады арабаў над гэтай зямлёй, гэтак жа мы не прызнаем іхнай духоўнай улады й іхных назваў».

Вытураныя палестынцы разьехаліся па розных краінах. Для іх узьнікненьне Ізраілю дагэтуль застаецца Бедзтвам зь вялікай літары (па‑арабску ан‑накба).

Новая дзяржава абапіралася на два галоўныя слупы: габрэйскасьць і дэмакратычнасьць.
Выгнаўшы большасьць карэнных жыхароў, г.зн. арабаў‑палестынцаў, са сваёй тэрыторыі, Ізраіль паступова даў астатнім грамадзянства й некаторыя дэмакратычныя правы. Закон аб рэпатрыяцыі, паводле якога любы габрэй зь любой краіны меў права на ізраільскае грамадзянства, разам з адмаўленьнем права уцеклых палестынцаў на вяртаньне ў Ізраіль забясьпечваў і працягвае забясьпечваць Ізраілю габрэйскую большасьць. Гэтая сыстэма дзейнічала даволі пасьпяхова (вядома, з ізраільскага пункту гледжаньня) да Шасьцідзённай вайны 1967 г., падчас якой Ізраіль захапіў Заходні бераг р. Ярдан (у тым ліку Ўсходні Ерусалім) і Сэктар Газа, г.зн. астатнія 22% былой падмандатнай Палестыны, якія яшчэ кантраляваліся арабамі (адпаведна Ярданіяй і Эгіптам).

Захоп палестынскіх тэрыторыяў паставіў Ізраіль перад праблемаю легітымнасьці. У той час як ААН раней прызнала краіну ў межах 1949 г., захоп Заходняга берагу й Газы не прызнаваўся нікім, у тым ліку галоўным спонсарам Ізраілю ЗША. Па стратэгічных прычынах Ізраіль вырашыў не вяртаць гэтыя землі арабам, што значыла адмову ад міру зь імі. Адначасова

Ізраіль вырашыў не анэксаваць усіх палестынскіх тэрыторыяў, бо гэта б азначала наданьне іх жыхарам ізраільскага грамадзянства, а гэта б паставіла пад сумнеў габрэйскасьць дзяржавы.
У 1980 г. Ізраіль анэксаваў найсьвяцейшую для юдаізму частку Заходняга берагу – Усходні Ерусалім (пры гэтым ягоныя палестынскія жыхары адмовіліся ад ізраільскага грамадзянства). Хоць гэтую анэксію таксама амаль ніхто не прызнаў, гэта не перашкодзіла Ізраілю ня проста абвесьціць «аб’яднаны» Ерусалім сваёю «вечнаю, непадзельнай сталіцаю», але таксама перасяліць на палестынскія тэрыторыі амаль паўмільёна сваіх габрэйскіх грамадзян.
Як ізаляваць палестынскую зямлю ад яе арабскіх жыхароў: так апошнія 40 гадоў ставілі пытаньне некаторыя ізраільскія палітычныя, ваенныя й рэлігійныя дзяячы. Партыя Лікуд доўга імкнулася ператварыць Ярданію ў новую Палестыну й дэпартаваць туды палестынцаў з Заходняга берагу.
Паводле ізраільскай газэты «Haaretz», «відныя асобы з цэнтральнага эшалёну ізраільскага палітычнага й вайсковага істэблішмэнту» на канфэрэнцыі ў 2001 г. сышліся ў тымі, што пры неабходнасьці арабскае насельніцтва палестынскіх земляў, а таксама арабаў – грамадзянаў Ізраілю належыць перамясьціць, напрыклад, у Ярданію. Арыэль Шарон заявіў у тым жа годзе, што «вайна за незалежнасьць ня скончылася». А ў 2000 г. ізраільскі генэрал‑маёр Мошэ Яалон сьцьвердзіў, што «другая палова 1948 г.» усё яшчэ працягваецца, і што Ізраілю трэба нэўтралізаваць ня толькі палестынцаў, але й ізраільскіх арабаў. У 2002 г., міністар турызму Ізраілю Бэні Элон папярэдзіў палестынцаў, што Ізраіль можа зьдзейсьніць «яшчэ адну накбу».

Здаецца,

апошнім часам у стаўленьні да палестынскага пытаньня ўсё‑ткі пачаліся перамены.
У 2002 г. прэс‑сакратар тагачаснага прэм’ер‑міністра Шарона заявіў, што той ня можа дэпартаваць палестынцаў з Палестыны, дзеля «стаўленьня да таго ізраільскай публікі». Сёлета Ёна Мэцгер, галоўны рабін юдэяў‑ашкнназі Ізраілю, прапанаваў пабудаваць для «бедных людзей Газы» новую краіну ў Сінайскай пустыні Эгіпту й паабяцаў, што Ізраіль, з дапамогаю ЗША й Эўразьвязу, зробіць яе заможнай і мадэрнай. Мэцгер таксама заявіў, што Ерусалім належыць толькі габрэям і ні ў якім разе не мусульманам. Тут уражвае, па‑першае, наколькі «мякка» Мэцгер прапаноўвае дэпартаваць палестынцаў і адабраць кавалак іхняй зямлі, а па‑другое, што сябра Кнэсэту Аўшалом Вілан параўняў погляды Мэцгера з поглядамі ХАМАСу. Вядома, перад тым, як даць палестынцам незалежнасьць,
правая частка ізраільскай эліты павінна звыкнуцца да думкі, што прысутнасьць арабаў на Зямлі абяцанай – зьява пастаянная, і што этнічныя чысткі ня ёсьць прымальным мэтадам рашэньня палітычных праблемаў.

У Ізраілі й за яго межамі кажуць, што палестынцы й іншыя арабы павінны, са свайго боку, прызнаць «права Ізраілю на існаваньне». На гэта можна адказаць словамі Давіда Бен‑Гурыёна: Калі б я быў арабскім лідэрам, я б ніколі не памірыўся з Ізраілем.... Мы адабралі іхнюю краіну.... Мы паходзім з Ізраілю, але нашыя продкі жылі тут дзьве тысячы гадоў таму, і што ім (арабам) да таго? Былі антысэмітызм, нацысты, Гітлер, Аўшвіц, але ці было гэта іхняю віною? Яны бачуць толькі адну рэч: мы прыйшлі й выкралі іхнюю краіну. Чаму яны павінныя пагаджацца з гэтым?»

У прынцыпе, арабы ўжо згадзіліся з існаваньнем Ізраілю.
Летась, на паседжаньні ў саудаўскай сталіцы Эр-Рыядзе прадстаўнікі кожнай арабскай краіны (у тым ліку палестынскі прэзыдэнт Махмуд Абас) прынялі саудаўскі плян 2002 г., паводле якога весь арабскі сьвет прызнае Ізраіль і ўсталюе зь ім нармальныя дыпляматычныя й гандлёвыя адносіны, калі той пагадзіцца вярнуць палестынскія й сірыйскія землі, захопленыя ў 1967 г. Гэта значыць, што нягледзячы на боль Накбы й арабскі пункт гледжаньня на канфлікт, паводле якога Ізраіль ёсьць нелегітымнаю каляніяльнай дзяржаваю, Ліга арабскіх дзяржаў усё‑ткі гатовая прызнаць Ізраіль і ўсталяваць зь ім добрасуседскія адносіны пасьля прызнаньнем Ізраілем незалежнасьці Палестыны .

Ізраіль саудаўскі плян не адхіліў, але за апошнія шэсьць гадоў таксама не зрабіў прамых крокаў, каб яго зрэалізаваць. У сёлетнім лістападзе Пэрэс назваў яго крыніцаю «надзеі» і «даверу». Але чаму было чакаць шэсьць гадоў, каб тое сказаць? Бо

сярод ізраільцянаў (у тым ліку ў ізраільскай палітычнай эліце) даволі распаўсюджанае меркаваньне, што палестынцы ёсьць фанатамі тэрарызму й прыхільнікамі культу сьмерці, а ізраільская армія бароніць цывілізацыю.
Але ці так усё проста на самой справе? Паводле ізраільскай праваабарончай арганізацыі Бецэлем, паміж 2000 і 2008 гг. розныя палестынскія групы забілі 727 цывільных ізраільцянаў. У той жа пэрыяд ізраільцяне забілі як мінімум 2.227 цывільных палестынцаў. Паводле сайту «Памятайце гэтых дзяцей», які зьбірае дэталёвую інфармацыю аб кожным дзіцяці, забітым у гэтым канфлікце, пачынаючы з 2000 г. дагэтуль забіта 123 ізраільскія дзіцяці й 1.050 палестынскіх дзяцей.

Бессумнеўна, забойства цывільных ізраільцянаў, асабліва дзяцей, палестынскімі тэрарыстамі – гэта зло й вар’яцтва. Але забойства цывільных палестынцаў і палестынскіх дзяцей ізраільскай арміяй ёсьць гэткім жа злом і гэткім жа вар’яцтвам. Многія ізраільцяне кажуць, што няма «маральнай эквівалентнасьці» паміж забойствам, «выпадкова» ўчыненым салдатам, і забойствам, мэтанакіравана ўчыненым тэрарыстам.

На гэта шматлікія палестынцы адказваюць, што няма ніякага параўнаньня паміж забойствам, зробленым дзеля акупацыі, і забойствам, зьдзейсьненым у імя нацыянальнага вызваленьня.

Ізраільскія лідэры таксама наракаюць, што палестынцы часта ўважаюць тэрарыстаў героямі. Так, бывае і такое. Але ня толькі сярод палестынцаў. Напрыклад, у 1994 г., ізраільскі ваенны лекар Барух Гольдштайн забіў 29 палестынцаў падчас ранішняй малітвы ў мячэце ў палестынскім г. Хеброне і быў у сваю чаргу забіты тымі, хто выжыў. За наступныя шэсьць гадоў ягоную магілу адведалі 10 тыс. чалавек.

Ігаль Амір забіў Іцхака Рабіна на рэлігійным грунце. Апытаньне, праведзенае сярод той часткі ізраільскіх юдэяў, якая лічыць сябе «рэлігійнаю», выявіла, што 38% зь іх бачаць у забойцу прэм’ер‑міністра героя. Экстрэмістаў і экстрэмісцкіх поглядаў хапае з абодвух бакоў. Тыя, хто лепей за ўсё гэта разумее, належаць да форуму, дзе зьбіраюцца сваякі ізраільцян і палестынцаў, забітых супраціўным бокам. Як кажа ізраільскі сябар форуму Рамі Эльханан, чыю дачку забіў палестынскі тэрарыст‑сьмяротнік, «для палестынскай маці боль страты сына ня меншы й ня большы за боль ізраільскай маці».

Калі Ізраіль хоча пазьбегнуць будучага выбару паміж габрэйскасьцю й дэмакратычнасьцю, а таксама пакласьці канец чарадзе забойстваў, ён павінны весьці перамовы з палестынцамі. Ня толькі з тымі, што яму падабаюцца (прэзыдэнтам Абасам і ягонай партыяй ФАТХ), але таксама й з тымі, каго Ізраіль лічыць тэрарыстамі - арганізацыяй (ХАМАС).
Шырокалюбімага ў сьвеце былога паўднёваафрыканскага прэзыдэнта Нэльсана Мандэлу толькі ў мінулым ліпені выключылі з амэрыканскага сьпісу былых і патэнцыйных тэрарыстаў. А ў Паўночнай Ірляндыі адзін з былых лідэраў тэрарыстычнай групы «Ірляндзкая рэспубліканская армія» (ІРА) Марцін МакГінэс цяпер займае пасаду намесьніка прэм’ер‑міністра. Вядома, лідэры ХАМАСУ – ніякія не Мандэлы. Але эквівалент МакГінэса ў ХАМАСе знойдзецца.

* * *

Рашэд Чоўдхуры нарадзіўся ў Менску. Дактарант Макгілеўскага ўнівэрсытэту (Манрэаль, Квэбэк, Канада), спэцыялізуецца па Асманскай імпэрыі. Атрымаў ступень бакаляўра па міжнародных адносінах у Грынэлеўскім каледжы (Грынэл, Аёва, ЗША) і ступень магістра па ісламазнаўстве ў Макгіле. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у Фондзе Карнэгі за міжнародны мір у Вашынгтоне. Гэта артыкул - газэтная вэрсія ягонага вялікага артыкулу, надрукаванага на arche.by.

0
Юрась Зянковіч / Адказаць
28.12.2008 / 05:23
Гэта ўсё добра, але да таго часу, пакуль Палестынская аўтаномія сама ня спыніць тэрарыстаў, што дзейнічаюць зь яе тэрыторыі, ніякага мірнага працэсу з боку Ізраіля ня будзе (вядома, можна сказаць, што ўлады аўтаноміі супраць тэрору, але сакрэтам Палішынэля зьяўляецца тое, што яны супраць толькі на словах). Наконт "барацьбітоў за незалежнасьць" -- сапраўдныя барацьбіты за незалежнасьць змагаюцца супраць арміі праціўніка, а не супраць цывільнага насельніцтва. А гэтым "барацьбітам" хапае мужнасьці толькі на подлыя абстрэлы "кассамамі" цывільных людзей. Таму ня трэба зьдзіўляцца, што з таго боку прыходзіць няхай жорсткі, але справедлівы адказ. Хочаш змагацца -- змагайся з узброеннымі жаўнерамі, як гэта робіць Ізраіль. І не хавайся за сьпіны дзяцей і падлеткаў, як гэта было сёньня, калі ў чаканьні чарговага налёту замест таго, каб дзяцей схаваць па бомбасховішчах ці школах, іх выгналі на вуліцы, каб тыя прыкрывалі новыя магчымыя цэлі для авіяўдараў сваімі целамі. Адсюль і 1000 забітых дзяцей.
0
верасень / Адказаць
28.12.2008 / 12:46
слушна
0
Саянаў / Адказаць
28.12.2008 / 13:46
Насамрэч арабы й ёсьць захопнікамі. Уся паўночная Афрыка й Паўднёвая Эўропа былі захоплены арабамі. Былі вынішчаны старажытныя цывілізацыі, разам з іх рэлігіямі й дасягненьнямі культуры й тагачаснай навукі, ведамі. Гэта нельга нават параўноўваць з тым, што адбываецца цяперака ў Палестыне. Наўкол, дзе з`яўляліся арабы пачынала панаваць адсталасьць ва ўсім. Каб не нафта, дык арабскія тэрыторыі былі б заселены сёньня спрэс першабытным грамадзтвам. Менавіта барацьба за ўплыў у тым багатым на нафту рэгіёне прывяла да канфлікту ў тым выглядзе, які ёсьць цяпер. Інакш увогуле мала каго б цікавіла ў 60-е гады, што там адбываецца, а самы арабы ўспрымалі б прыход юдзеяў, як ласку алаха, які паслаў ім у такім выглядзе цывілізацыю, электрычнасьць, транспарт, адукацыю, медэцыну і т.д.
Паказаць усе каментары/ 18 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру