RTVi
Суд у Мюнхене прысудзіў пляменніка расійскага тэлевядучага Дзмітрыя Кісялёва Сяргея Кісялёва да двух гадоў і трох месяцаў пазбаўлення волі па справе аб падрыхтоўцы да ўдзелу ў баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны.
Як паведамляе RTVI, суддзя пры вынясенні прысуду сказаў, што дакладна даказаць падрыхтоўку Сяргея Кісялёва да ўдзелу ў баях ва Украіне не атрымалася, але шмат што на гэта паказвае. Сам Кісялёў, па словах яго адваката, адмаўляў падрыхтоўку да баявых дзеянняў, сцвярджаючы, што толькі чакаў адпраўкі з Пецярбурга на Данбас.
Крымінальную справу ў дачыненні да Сяргея Кісялёва распачалі пасля таго, як яго дзядзька Дзмітрый Кісялёў у інтэрв'ю 2016 г. абвясціў, што яго пляменнік з Германіі ваюе на Данбасе. Сяргей Кісялёў быў затрыманы у 2018 годзе ў Балгарыі па запыце ФРГ.