Citydog.by пагутарыў са стваральнікамі ініцыятывы «Умовы для мовы» Ігарам і Алінай пра тое, як дамагчыся роўных моўных правоў, а таксама пра тое, чым мы падобны да Ірландыі і ці зневажае беларуса слова «шмаравідла».

Нехта прыдумаў, што замест »змазка для сэкса» трэба казаць »шмаравідла». Гэта нармальна?! 

Ігар: У эстонскім міністэрстве культуры ёсць спецыяльны аддзел, які займаецца моватворчасцю — друкуе ў часопісах новыя эстонскія словы, якія яны прыдумалі.

Жывая мова кожны дзень развіваецца, і калі нехта лічыць, што «шмаравідла» адлюстроўвае сваё паняцце, то чаму не. Слова цікавае, мне падабаецца, яно гучыць па-беларуску, мякенька так. Мова не павінна быць закасцянелай, і таксама павінна быць рэцэпцыя з іншых моў.

Беларуская мова павінна станавіцца бліжэй да маладых людзей. Нельга грашыць канцылярызмамі, нельга шукаць памылкі ў тых, хто намагаецца гаварыць ці пісаць па-беларуску. Добра, я гэта перажыву, мне і пагрозы ўжо кідалі, і якіх эпітэтаў мне толькі ў інтэрнэце не даюць, ужо імунітэт маю. А чалавека, які вырашыў карыстацца беларускай і робіць першыя спробы, такія кпіны могуць дэматываваць.

Мае бацькі — настаўнікі, і яны таксама лічаць, што наша школьная праграма далёкая ад людзей: вайна, доля, голае поле. Трэба, каб усё было жывейшым, без фармалізму. Я магу дапусціць фармалізм у перапісках з чыноўнікамі, але ў жыцці трэба менш гэтага. Трэба быць больш чалавечным.

Як мы сталі абаронцамі беларускай мовы дзякуючы амбасадару Швецыі

Ігар: Я нарадзіўся і вырас у беларускамоўным асяродку, мая маці — выкладчыца беларускай мовы. У школе ўсе прадметы былі па-беларуску, а ў тэхнікуме ўжо не было такой магчымасці, хоць у артыкуле 90 Кодэкса аб адукацыі пазначана, што дзяржава гарантуе грамадзяніну права навучання на беларускай мове. Тут я і пачаў разумець, што беларускамоўныя грамадзяне ў Беларусі дыскрымінуюцца, а іх правы ігнаруюцца і парушаюцца.

Актыўна гэтым пытаннем я пачаў займацца ў 2009 годзе, я тады вучыўся на юрыдычным факультэце ў Тартускім універсітэце.

Пра Эстонію кажуць шмат рэчаў кшталту «там рускіх прыцясняюць жэстачайшым образам» — але гэта не так. Калі яны аднавілі сваю дзяржаўнасць, то на першыя часы ва ўніверсітэтах былі рускамоўныя і эстонскамоўныя групы. Там ёсць рускамоўныя школы — тым, хто не можа навучацца на эстонскай, даецца дадатковы год на вывучэнне.

Аднойчы трапіў на з’езд беларусаў свету. Выступаў наш амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан, ён па-беларуску прамаўляў так натуральна. І я падумаў: вось амбасадар Швецыі, замежнік, іншая моўная група, ён па-беларуску размаўляе лепш, чым шмат якія беларусы. Пасля выступаў Павал Латушка, які сказаў, што можа зрабіць сваё міністэрства цалкам беларускамоўным.

Аліна: У школьныя гады беларуская мова была для мяне мовай мастацтва — жывую мову я не чула. Мой дзядуля пісаў па-беларуску вершы. Таксама для мяне гэта была мова Адамовіча, Глобуса, Гарэцкага, Караткевіча і Арлова. Мы з сябрамі стварылі літаратурны клуб — там абмяркоўвалі вершы і прозу, самі спрабавалі нешта пісаць. Некаторыя творы былі па-беларуску, і мы на гэтых сустрэчах самі намагаліся размаўляць па-беларуску.

Крыху пазней я пачала ладзіць кінапрагляды, дыскусіі, музычныя імпрэзы і ўсё больш і больш знаёмілася з беларускамоўнымі людзьмі. Паступова сама перайшла на мову і заўважыла, што беларускамоўныя грамадзяне дыскрымінуюцца. Мне захацелася неяк на гэта паўплываць, не дазваляць дыскрымінаваць сябе, і я далучылася да ініцыятывы «Умовы для мовы».

Як зрабіць, каб чыноўнікі размаўлялі з намі па-беларуску

Ігар: Я прапаноўваў чыноўнікам, райвыканкамам, навучальным установам, бізнесам і спартовым клубам, каб яны больш выкарыстоўвалі беларускую мову. Таксама прасіў даваць на мае звароты беларускамоўныя адказы. У большасці ўстаноў з гэтым праблемы не было.

А з мінскага інавацыйнага ўніверсітэта мне адказалі: «Господин Случак, учите русский язык, расширяйте свой кругозор». Я тады вельмі абурыўся гэтым. Я прапусціў тэрмін прыцягнення яго да адміністратыўнай адказнасці, але адміністрацыя Заводскага раёна, якая вяла справу, даслала ў гэты ўніверсітэт ліст, дзе патрабавала весці сябе прыстойна і адказваць на звароты належным чынам.

Адказваць на той мове, на якой напісаны зварот, — гэта прыклад білінгвізму. У Беларусі насамрэч білінгвізму няма, бо руская мова дамінуе.

Што адказаць чалавеку, які кажа: «Беларуская мова мёртвая»?

Аліна: Ёсць розніца паміж свабодай слова і абразай. Калі так пра беларускую мову пішуць недзе ў інтэрнэце або прамоўлена ўслых і гэта пачуў мінімум адзін чалавек, то гэта публічная знявага, ганьбаванне дзяржаўнай мовы. Гэта парушэнне арт. 9.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, што караецца штрафам да 10 базавых велічынь.

Ігар: Публічныя асобы, якія маюць нейкі аўтарытэт, праз такія выказванні ствараюць негатыўную аўру для беларускай мовы. Гэта і ёсць праблема — культывацыя ідэі, што наша мова нікому не патрэбная.

Пакуль не пачаў прымяняцца арт. 9.22 КаАП, амаль кожны дзень сутыкаўся з гэтымі выпадкамі ў сеціве. Пасля таго як да адказнасці было прыцягнута некалькі чалавек, такога стала значна меней. А тыя, хто працягваюць абражаць мову, пачалі гэта рабіць пад фэйкавымі акаўнтамі. Але практыка паказала, што ў Беларусі знаходзяць і фэйкаў.

У Ірландыі нашмат лепшыя ўмовы створаны для развіцця ірландскай мовы, на востраве жыве каля 10 мільёнаў, але толькі 1,5 млн разумеюць ірландскую. І апошнім часам там ірландская мова эліты.

Ігар: Мова беларуская не мёртвая, але зараз няма спрыяльных умоў для таго, каб ёй карыстацца як мовай для камунікацыі. Не проста як культурны набытак, які грэе душу, а як нешта штодзённае. Сам я далёка не заўжды камунікую па-беларуску: стамляешся па 10 разоў паўтараць нешта ў краме, напрыклад.

Спачатку трэба стварыць спрыяльны асяродак для выкарыстання беларускай мовы, элементарныя рэчы: нарматыўныя акты, этыкеткі, навучанне ўсіх узроўняў і па-беларуску, і па-руску. І калі б і праз гэта беларусы не размаўлялі б па-беларуску, тады можна было б сказаць: так, мова сваё аджыла.

Вось што зрабіла наша ініцыятыва летась

Мы выдалі кішэнны дапаможнік па абароне моўных правоў «Абаронім мову!». Па любым моўным пытанні мы раім накіроўваць звароты, каб у вас з любой установы быў афіцыйны адказ.

У кніжцы сабралі самыя актуальныя інструкцыі і парады: прыклады зваротаў, спасылкі на заканадаўчыя акты, карысныя парады. Плануем другое выданне. Цудоўна, што атрымалася выдаць гэту кнігу ў Беларусі, ніякіх перашкодаў з боку дзяржавы тут не было, выданне мае ISBN і ўзгоднена ў Нацыянальнай кніжнай палаце Беларусі.

Займаліся распрацоўкай змен у закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Каб беларуская мова на этыкетках стала абавязковай, як і руская. Прапановы частковы былі прыняты, праца працягваецца.

Пераклалі каля сотні актуальных дакументаў на беларускую: плануем выкласці ў публічны доступ.

У маім родным Слуцку выпраўлены граматычныя памылкі ў беларускамоўных надпісах на чыгуначным і аўтавакзале. 

Дапамагалі беларусізацыі футбола. Той жа СФК «Слуцк» пачаў выдаваць беларускамоўныя праграмкі да гульняў упершыню ў гісторыі.

Калі пару гадоў таму ніводзін клуб Вышэйшай лігі не пісаў прозвішчы сваіх гульцоў па-беларуску, то ў сезоне 2018 года ўжо 12 з 16 клубаў той жа лігі пісалі прозвішчы па-беларуску, а федэрацыя паставіла беларускаму тэлебачанню ўмовы, каб не менш за 50% трансляцый футбольных гульняў нацыянальнага чэмпіянату каменціраваліся па-беларуску.

…і піўной галіны. Перапіска дае свой плён і ў галіне гандлю і паслуг — усе вядомыя брэнды пачынаюць шырока ўжываць беларускую мову.

Цяжка давалася беларусізацыя піўной галіны, але да беларускай мовы цалкам прыйшло «Лідскае піва», падштурхнуўшы да мовы і іншых сваіх канкурэнтаў, а ў 2018-м апошнім вялікім броварам, які рэбрэндынгаваўся ў бок беларускай мовы, стаў брэнд піва «Рэчыцкае».

Чаму памяркоўнасць — гэта дэградацыя

Ігар: Разумееце, тыя ж чыноўнікі, большасць з іх — не беларусафобы. Але для іх калі людзі не звяртаюцца з праблемамі мовы, значыць, праблемы няма.

Чым больш людзей звяртаюцца з індывідуальнымі зваротамі, тым лягчэй можна зрушыць справу. Тут важна не толькі абмяркоўваць праблему ў фэйсбуку, але і даносіць яе да тых людзей, якія могуць на гэту сітуацыю паўплываць. Памяркоўнасць — гэта шлях да дэградацыі і знішчэння.

Кожны, хто робіць хоць нешта звязанае з беларускай мовай, наш сябра і паплечнік. Без мовы няма Беларусі, але і мовы няма без людзей, якія ёй карыстаюцца. Дзякуй вам!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?