Рэдакцыя часопіса «ARCHE‑Пачатак» днямі атрымала адказ з «Белпошты» на прапанову ўзнавіць распаўсюд выдання праз аддзяленні і кіёскі паштовага прадпрыемства.

У лісце за подпісам начальніцы ўпраўлення распаўсюду друкаваных СМІ РУП «Белпошта» Марыны Вараб’ёвай прапануецца даслаць пэўны пералік дакументаў «для вырашэння пытання аб заключэнні дамовы на 2009 год». (З падпісных каталогаў часопіс не знікаў.)

Паводле галоўнага рэдактара «ARCHE» Валерыя Булгакава, гэтага адказу давялося чакаць доўга — яшчэ 20 лістапада адначасова былі накіраваныя звароты аб супрацоўніцтве «Белсаюздруку» і «Белпошце».

««Белсаюздрук» адказаў цягам тыдня чарговай адмовай. За подпісам дырэктара прадпрыемства Ігара Дудзіча паведамлялася, што «не плануецца» ў 2008 годзе распаўсюд часопіса «АРХЭ‑Пачатак» праз гандлёвую сетку прадпрыемства. З «Белпошты» адказу чакалі больш. Хоць, шчыра кажучы, мы больш спадзяваліся атрымаць магчымасць трапляць да чытачоў праз газетныя шапікі», — распавёў у гутарцы з прэс‑службай БАЖ В. Булгакаў.

Цікавая акалічнасць: ліст «Белпошты», зарэгістраваны 15 снежня, быў адасланы толькі 26‑га (паводле паштовага штампу) 27 снежня яго атрымала рэдакцыя «ARCHE».

Прэс-служба БАЖ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0