Рэдактар і выдавец незалежнага тыднёвіка «Вольнае Глыбокае» Ўладзімір Скрабатун яшчэ пры канцы верасня напісаў заяву на імя начальніка глыбоцкага вузла сувязі з просьбай разгледзець магчымасць вяртання выдання ў дзяржаўную сістэму распаўсюду.

«Адказу дагэтуль няма» — кажа выдавец. У тэлефоннай гутарцы начальнік глыбоцкай пошты паведаміў, што асабіста не супраць афармлення падпіскі на «ВГ» праз «Белпошту», бо раней дамова з рэдакцыяй прыносіла мясцоваму філіялу пошты неблагі прыбытак. Але, па словах У. Скрабатуна, начальнік глыбоцкай «Белпошты» адмаўляецца вырашаць гэтае пытанне, спасылаючыся на тое, што не мае на гэта паўнамоцтваў. «Звяртацца ў абласное аддзяленне не бачу сэнсу, бо мне там наўпрост заявілі, што не пацерпяць у сябе апазіцыйнай газеты», — кажа выдавец. Што ў Мінску дазволена, тое не дазволена ў Глыбокім, дадае ён.

Газета «Вольнае Глыбокае» — без перабольшвання сямейнае прадпрыемства. Над выданнем і распаўсюдам працуе сам рэдактар, а таксама ягоныя родныя — жонка і дочкі. «Прадаём удваіх з жонкай на гарадскім рынку газету. Таксама дзве крамы нас бяруць. А таксама праз рэдакцыйную падпіску распаўсюджваем, у канвертах». Паводле прэзідэнцкага ўказу У. Скрабатун не можа наймаць на працу старонніх людзей. З гэта прычыны пад пытаннем застаецца развіццё рэгіянальнай карэспандэнцкай сеткі.

На сёння наклад адзінай незалежнай на Глыбоччыне газеты складае каля 2000 ас. Далейшы лёс выдання застаецца пад пытаннем. З матэрыяламі газеты, а таксама штодзённымі навінамі рэгіёну можна азнаёміцца на сайце Westki.info.

Нагадаем, што ад пачатку 2006 году газета «Вольнае Глыбокае» разам з шэрагам недзяржаўных выданняў была выключаная з сістэмы дзяржаўнага распаўсюду праз «Белпошту» і «Белсаюздрук».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?