Зээў Бэн-Ар'е, пасол Ізраілю ў Беларусі

Цягам сямі год сотні тысяч ізраільскіх грамадзян на поўдні краіны жывуць пад пастаяннай пагрозай ракетнага абстрэлу з Сектара Газа.

Дарослыя на працы, дзеці ў садках і школах, пенсіянеры ў кватэрах штохвіліны чакаюць сірэны трывогі, каб за лічаныя секунды дабегчы да сховішчаў ад бомбаў. Такія ўмовы жыцця з’яўляюцца практычна невыноснымі.

Ізраіль зрабіў усё магчымае, каб мірным шляхам забяспечыць спакой у гэтых раёнах.
Пасля часовага спынення агню тэрарыстычная арганізацыя «Хамас», што дзейнічае з Газы, не зважаючы на прапанову Ізраілю захаваць спакой, аднавіла абстрэлы і абвясціла, што яна мае намер адно ўзмацніць страляніну па мірных ізраільскіх аб’ектах. За апошнія тыдні ў ізраільскіх гарадах і сельскагаспадарчых селішчах на поўдні краіны разрывалася да 80 снарадаў штодзень.

Мы доўга праяўлялі максімальную стрыманасць, але «Хамас» не пакінуў нам ніякай магчымасці акрамя вайсковых аперацыяў. Мы абавязаныя абараняць сваё цывільнае насельніцтва, знішчаючы інфраструктуру тэрору ў Газе. У кожнага чалавека, у кожнай дзяржавы ёсць неад’емнае і асноватворнае права на самаабарону.

Нагадаем, што мы пакінулі Сектар Газа і дэманціравалі ізраільскія паселішчы, што знаходзіліся ў ёй. Мы перадалі гэтую тэрыторыю Палестынскае Аўтаноміі, каб яны будавалі сваё жыццё паводле свайго ўзважання. З нашага боку была адзіная ўмова — каб яны перасталі забіваць нас. Але гэтая ўмова выявілася непрыймальнай, і «Хамас» ператварыў Газу ў апірышча і эпіцэнтр тэрору.

Мы катэгарычна адкідаем цвярджэнне пра цыклічнасць ваенных дзеянняў, пра тое, што кожны з бакоў сваімі ўзброенымі акцыямі як бы правакуе ўзмацненне канфлікту.

Варта «Хамасу» было на некаторы перыяд спыніць абстрэл, як у раёне ўсталёўваўся абсалютны спакой. Але той спакой супярэчыць інтарэсам тэрарыстаў, і яны распальваюць варажнечу і страляюць па нашых населеных пунктах, руйнуючы іх і забіваючы ізраільскіх мірных жыхароў. Мы не цешымся неабходнасці адказваць ударам на ўдар, Але надта ўжо цяжкія ўдары ворага, каб дазволіць сабе ўхіляцца ад адказу.

Мы не вядзем змаганне супраць насельніцтва Газы.
Гэта «Хамас» — крайняя ісламісцкая групоўка, яку падтрымлівае Іран, выракла на ахвяры свой уласны народ, асланяючыся цывільнымі жыхарамі як жывым шчытом. «Хамас» нясе таксама наўпроставую адказнасць за галечу арабскіх жыхароў Газы. Ізраіль нават у гэтыя дні, дні абстрэлу аб’ектаў тэрарыстаў, прапускае гуманітарную дапамогу для жыхароў Газы.

«Хамас» нясе наўпроставую адказнасць за гібель жыхароў Газы. Ізраіль зрабіў усё, каб спыніць тэрор, не прыбягаючы да паветраных абстрэлаў, і калі быў прыціснуты да сценкі, пачаўшы іх, рабіў усё магчымае, каб паразіць выключна аб’екты тэрарыстаў — іх штабы, апорныя пункты, збройныя майстэрні. Але да жалю, як паказвае досвед іншых дзяржаваў, што вядуць змаганне з тэрорам, гэта немагчыма здзейсніць без ахвяраў сярод насельніцтва. Для «Хамасу» ж гэта толькі дадатковыя козыры ў ягонай прапагандзе, прапагандзе тэрору і гвалту.

Мы катэгарычна адкідаем цынічныя абвінавачванні ў непрапарцыянальнасці рэакцыі і спагаду ў дачыненні да нібыта слабога, што церпіць ад моцнага.
Так, мы моцныя, і дзякуй Богу, што моцныя. Але што рабіць моцнаму, калі так званы слабы наносіць балючыя ўдары, ганебна, нялюдскі, парушаючы ўсе нормы чалавечага грамадства? Што сказаць ізраільскай матцы, якая страціла дзіця ў выніку тэрору, і астатнім ізраільскім маткам? Што мы лічымся моцнымі, і таму хай слабыя і надалей забіваюць вашых, нашых дзяцей? Прапарцыянальнасць у гэтым змаганні за людскія жыцці вызначаецца адным: яны забіваюць нас, а мы павінныя зрабіць захады ў адказ, якія пакладуць гэтаму канец, і такія захады будуць прапарцыянальныя. Ніякія палавінчатыя дзеянні не прынеслі плён, і мы вымушаныя рабіць захады, якія робім.
Але разам з тым мы працягваем верыць у мірнае рашэнне, стварэнне дзвюх дзяржаў, што будуць жыць у міры, верыць у працяг перамоваў з кампетэнтным кіраўніцтвам Палестынскае Аўтаноміі.

Мы чакаем, што міжнароднае супольнасць, усе тыя, хто служыць ідэалам міру, усе, хто хоча ўрэгулявання ў нашым рэгіёне, зразумеюць і падтрымаюць нас. Тэрор — страшная пагроза для ўсяго свету, і каб знішчыць яе, патрэбныя супольныя намаганні.

Зээў Бэн-Ар’е,
Надзвычайны і Паўнамоцны
Амбасадар Дзяржавы Ізраіль
у Рэспубліцы Беларусь

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?