Паводле рэйтынгаў музычных часопісаў, за год на канцэртных гастролях больш за іншых зарабіў гурт Бон Джові. У межах турнэ пад назваю “Lost Highway”, з кастрычніка 2007 г па ліпень 2008 г, Джон Бон Джові з музыкамі здабылі каля 210 млн даляраў.

На другім месцы рэйтынгу часопіса “Billboard” – неўміручы Брус Спрынгстын з сваім E Street Band. Турнэ спевака пад назваю “Magic” прынесла яму за год 204 млн даляраў. На трэцім месцы – турнэ Мадоны “Sticky & Sweet” (162 млн даляраў).

Юбілейны тур гурта Police, у складзе Стынга, Энды Самэрса і Сцюарта Коўплэнда, аказаўся не толькі настальгічным, але і прыбытковым. “The Police Reunion Tour” дазволіў музыкам залічыць сабе на рахункі 150 млн даляраў. На пятым месцы рэйтынгу – Сэлін Дыён з турнэ “Taking Chances” . Аднак жа, падарожжы спявачкі яшчэ не скончаныя, і яна мае ўсе шансы пасунуцца ў падліках куды вышэй. Пакуль жа – 91 млн даляраў.

У першую дзясятку найпаспяховейшых музычных гастралёраў таксама ўвайшлі чыста амерыканскія крэатуры – кантры-спявак Кені Чэсні, 67-гадовы вакаліст і гітарыст Нэйл Дайманд ды кантры-гурт “Rascal Flatts”. З найдаражэйшых “камбэк”-турнэ вылучыліся гастролі “Spice Girls” ды легендарных лос-анжэласкіх “Eagles”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?