Напрыканцы лютага актывістка БХД Тацяна Севярынец абскардзіла ў Міністэрстве культуры адмову Віцебскага аблвыканкама разглядаць пытанне аб наданні імя Васіля Быкава Віцебскай абласной бібліятэцы. І вось які адказ атрымала з Мінкульту.

«У адпаведнасці з п.2 Палажэння аб парадку ўзгаднення наймення камерцыйных і некамерцыйных арганізацый, у рэгіструючыя органы для ўзгаднення наймення юрыдычных асобаў могуць звярнуцца кіраўнік гэтай юрыдычнай асобы або іншая асоба, упаўнаважаная ў адпаведнасці з заснавальным дакументам або даверанасцю дзейнічаць ад імя гэтай юрыдычнай асобы.

Інфармуем, што дзяржаўная ўстанова Віцебская абласная бібліятэка імя У.І.Леніна падпарадкаваная ўпраўленню культуры Віцебскага аблвыканкаму.

Такім чынам, узнятае Вамі пытанне належыць да выключнай кампетэнцыі адміністрацыі бібліятэкі і мясцовых органаў улады», — гаворыцца ў адказе першай намесніцы міністра культуры Наталлі Карчэўскай.

У студзені віцебскія актывісты сабралі агулам больш за 400 подпісаў гараджан пад зваротамі ў аблвыканкам з просьбай надаць віцебскай «ленінцы» імя Васіля Быкава (325 чалавек падпісаліся ў тым ліку пад электроннай петыцыяй).

Але ўпраўленне культуры адмовілася нават разглядаць пытанне аб перайменаванні ўстановы — «у сувязі з адсутнасцю адзінага падыходу і палярнасці поглядаў».

Летась віцябляне ўжо рабілі спробу дэнамінацыі бібліятэкі. Прапаноўвалі імя Леніна ў назве бібліятэкі змяніць на імя Скарыны. Пад зваротам у 2018 годзе падпісаліся больш за 500 віцяблян, але ўпраўленне ідэалёгіі аблвыканкаму палічыла перайменаванне немэтазгодным, патлумачыўшы, што «падобныя дзеянні могуць выклікаць негатыўную рэакцыю ў часткі насельніцтва».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?