Новаму майстру, «маладому спэцыялісту», хлопцу са Стаўпеччыны, прысланаму ў леспрамгас паводле разьмеркаваньня зь Менскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту яшчэ ўвосень мінулага году, Сітна нанесла ўдар з ходу – і пад дых. «Як цябе клічуць?» – працягваючы руку, абыякава запытаў брыгадзір. «Максім», – адказаў хлопец, нічога не падазраючы. «Як-як?» – брыгада стаіла дыханьне. «Ну, Макс... Максімка...»

Мужыкі выбухнулі рогатам, жанчыны захіхікалі. Назаўтра начальнік, адмыслова прыехаўшы на працу, распарадзіўся: новага майстра называць толькі па-бацьку – Міхалыч.

Сьпярша мне ніяк не ўдавалася ўцяміць, чаму леспрамгасаўскае начальства гэтак упарта дамагаецца, каб з «Полацаклесу» прысылалі тых «маладых спэцыялістаў». Можа, каб умацаваць і мадэрнізаваць вытворчасьць? Але сам лад вядзеньня гаспадаркі пераконваў у адваротным. Можа, спрацоўвала, так сказаць, адвечнае чалавечае імкненьне перадаваць свой досьвед новаму пакаленьню?.. Але выпускнікоў толкам нават не стажыравалі. Можа, спадзяваліся, што хтосьці з маладых, поўных сілаў і жаданьня, пацягне гэтую дабітую вытворчасьць на сабе?.. Але ніякай прасторы для дзеяньняў, а тым больш ініцыятывы новенькім тут ніколі не давалі. Звычайна іх адразу ставілі на адказны ўчастак і пачыналі лупіць тры скуры за ўсё, што маладыя ведалі й ня ведалі.

Максіма... выбачаюся, Міхалыча мы бачылі штодня ва ўсё больш змрочным настроі. Яго зрабілі «скрайнім» па адпраўцы вагонаў зь лесам, цяпер усе шышкі за няякасную расьпілоўку ды сартаваньне дрэва, хібы пагрузкі й затрымкі паставак, натуральна, валіліся на яго. Некалькі разоў полацкія нарыхтоўшчыкі, спажыўцы й экспартэры пагражалі яму судом, па ўсіх здарэньнях на вытворчасьці й у самой вёсцы яму даводзілася тлумачыцца з участковым; неспадзяваны штраф за пажарную бясьпеку давялося таксама кампэнсаваць з уласнага заробку. Урэшце 24-гадовы дыплямаваны спэцыяліст з вышэйшай адукацыяй на чарговую прапанову мяцовых выпівохаў далучыцца да супольнага расьпіцьця праславутае «максімкі» махнуў рукой: «А, налівай!»

Кілбасіла Міхалыча пасьля гэтага тры дні. Як ён сам прызнаваўся, балела ўсё: ані есьці, ані піць ня мог; увесь час ванітавала. «Нічога, гэта зь непрывычкі, – падбадзёрвалі майстра падначаленыя, паляпваючы па плячы. – Тут уцягнуцца трэба». Міхалыч толькі моўчкі хітаў галавой.

«Уладу мяняць неабходна, – нават не казаў, а стагнаў Міхалыч. – Але я ня веру, што вы гэта зможаце». «Мы з табой, – адказваю, – зможам». «Ай... – уздыхаў ён. – Пайшлі лепш мульцікі паглядзім». На кампутары ў Міхалыча я ўпершыню пабачыў вядомы «мультклюб» з Лукашэнкам і, як казаў майстар, «інструктаж для штабялёўшчыкаў» – жудзік «Разьня бэнзапілой у Тэхасе».

Перад Раством я нарэшце ўбачыў Міхалыча непрыхавана радасным. «Паша, – зьзяючы, паведаміў ён, – у мяне сьвята! Празь месяц абуваю боты». Цішком ад начальства Максім зьезьдзіў у ваенкамат і зрабіў тое, што і ня сьніцца студэнтам нават у страшным сьне – сам папрасіўся ў войска.

Зьехаў ён напрадвесьні і пакінуў па сабе тужлівае ўражаньне: здавалася, маладым тут проста ня выжыць.

А ў самы разгар сакавіцкіх падзеяў замест Максіма прыехала новая майстрыца. «Вікторыя, – назвалася рабочым высокая бялявая дзяўчына гадоў 25-ці. – Вікторыя – значыць, перамога. Буду тут працаваць». «Ці доўга?» – з сумневам запыталіся рабочыя. «Да перамогі».

Што характэрна, Вікторыя ў дадатак аказалася Віктараўнай. І ўзялася за справу з імпэтам сапраўднае пераможцы. Перш за ўсё павяла барацьбу з п’янкай: пасьля некалькіх разьбітых на працоўным месцы бутэлек і звальненьняў алёшчынскі зялёны зьмей засіпеў і адпоўз у хмызьнякі. Затым паставіла пытаньне рубам перад начальствам: «Усе правы і абавязкі – паводле Працоўнага кодэксу. Для вас – таксама». Заляпіла пару поўхаў тым, хто распускаў рукі: «Я замуж выходзіла не для таго, каб мяне іншыя мужыкі лапалі».

Вікторыя – каталічка, родам з Круляўшчызны ў Докшыцкім раёне. Прыехала ў Сітна гэтак жа паводле разьмеркаваньня. Пасялілася з мужам – маладым лесьніком – у нашым інтэрнаце, але ўжо нагледзела сабе дом у Алешчы. «Здымем – будзем жыць. Можа, і на сваю хату заробім».

Вікторыя Віктараўна лічыць, што Беларусі нельга аб’ядноўвацца з Расеяй і трэба вяртацца да сваёй гісторыі й культуры. Мы самі эўрапейцы, кажа Віка, і нават на працы носіць значку «За свабоду!».

Толькі не падумайце, што Вікторыя – нейкая жалезная лэдзі і што майстэрскі хлеб даецца ёй лёгка. Найчасьцей яе можна ўбачыць бледнай і сьцятай: яна перажывае кожную сутычку, нэрвуецца й закусвае вусны. Але ў вачох замест тужлівае максімавае смугі, так падобнай да багны, у яе ясным шляхам блішчыць вера: перамагу.

Гляджу на фатаздымкі зь вянчаньня Вікі з Раманам у знакамітым Мосарскім касьцёле, на белую з чырвонай шнуроўкай вясельную сукенку, і згадваю: менавіта такія адкрытыя, шчасьлівыя юныя беларускія абліччы на тле бел-чырвона-белага я ўжо бачыў гэтай вясной – на плошчы Каліноўскага.

Тое, што маладыя хочуць жыць на гэтай занядбанай зямлі, хочуць працаваць і рабіць вёску прыгожай, як сад у Мосарскім касьцёле – першая прыкмета, што нават у глыбінцы, на дне Беларусі, з новым пакаленьнем ужо крынічыць нацыянальнае абуджэньне.

в.Малое Сітна